Замежны бізнес чакаюць чарговыя абмежаванні


Новая пастанова Савету міністраў. У ёй урад прапісаў парадак дзеяння для бізнесоўцаў з «несяброўскіх краінаў», якія хочуць прадаць свой бізнес у Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны шукаюць усе спосабы атрымаць нешта на карысць лукашэнкаўскай улады, як піраты», – разважае дарадца ABBA Яраслаў Кот.

Для продажу бізнесу ці долі ў ім або для яго рэарганізацыі ўласнікі мусяць падаць у мясцовыя органы ўлады пакет дакументаў. Напрыклад, інфармацыю пра дзейнасць юрыдычнай асобы разам з бухгалтарскім балансам, інфармацыю пра склад і колькасць працаўнікоў, выплаты ў бюджэт ды іншае. Толькі пасля гэтага орган мясцовай улады дае дазвол або забарону на продаж бізнесу.

«Яны хочуць зладзіць рэкет, – мяркуе Яраслаў Кот. – Калі вы будзеце карыстацца гэтым спосабам, вы проста 25 адсоткаў аддасце ўладзе і можаце ісці на ўсе чатыры бакі свету».

Яраслаў Кот мае на ўвазе леташні ўказ Лукашэнкі, да якога прывязаная цяперашняя пастанова ўраду. Паводле ўказу, продаж актываў замежнікамі мяркуе выплату ў бюджэт памерам як найменей 25 адсоткаў ад рынкавага кошту маёмасці кампаніі. У самых жа спісах «несяброўскіх краінаў» – трыццаць дзевяць дзяржаваў. Гэта ўсё – чальцы Еўразвязу. А таксама Албанія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Швейцарыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Вялікая Брытанія, Ісландыя, ЗША, Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя.

Пасяджэнне Савету міністраў. 17 траўня 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

«Інвестар, гледзячы на гэтую пастанову, задае сабе пытанне: сёння мая краіна – сяброўская, а што будзе заўтра? Ці не развернецца сітуацыя, што яна стане несяброўскаю? І тыя інвестыцыі, якія былі зробленыя ў Беларусь, давядзецца памножыць на нуль», – разважае блогер, прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Зрэшты, акрамя абмежаванняў на продаж бізнесу для замежнікаў, улады актыўна выкарыстоўваюць метад забірання маёмасці ва ўласнікаў. Днямі ў Магілёўскім эканамічным судзе зацвердзілі нацыяналізацыю электрападстанцыі «Рэчыца», што належала кампаніі з брытанскім капіталам «Солар Лэнд». А летась гэткім жа чынам аформілі ліквідацыю прадпрыемства з аўстрыйскім капіталам «ММРЗ-Груп» у Віцебскай вобласці. Сам Мёрскі металапракатны завод раней нацыяналізавалі пастановаю Лукашэнкі, а кіраўніцтва прадпрыемства апынулася за кратамі.

«Людзі, якія прымаюць такія рашэнні, не думаюць пра карысць дзяржавы, карысць насельніцтва. Яны не думаюць, што будзе праз год, праз два, праз тры. Яны думаюць толькі пра карысць для ўласнага гаманца. Яны не разумеюць карысці ад прысутнасці ў дзяржаве прыватнага бізнесу наогул і, у тым ліку, прыватнага замежнага бізнесу», – абураецца Аляксандр Кныровіч.

Між тым макраэканамічная сітуацыя ў Беларусі выглядае не найлепшым чынам. Згодна Белстату, колькасць стратных прадпрыемстваў летась са студзеня да лістапада вырасла больш чым на 7,5 адсоткаў, а прыбытак вытворчасцяў скараціўся на 8 адсоткаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»