Беларусь – самая старая краіна ў ЕАЭС. Якія экнамічныя наступствы чакаць?


Сярэдні ўзрост насельніцтва Беларусі ў 2023 годзе склаў больш за41 год. Гэта найгоршы паказнік сярод краінаў Еўразійскага эканамічнага саюзу. Старэнне насельніцтва адбіваецца на эканоміцы: дэфіцыт кадраў даўно ўжо ёсць галаўным болем для прадпрыемстваў усіх сфераў вытворчасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акрамя прымусовага размеркавання студэнтаў ды іншых сілавых захадаў гучаць прапановы вяртаць пенсіянераў на працу.

Насельніцтва Беларусі – самае старое ў краінах ЕАЭС. Гэткую інфармацыю ў дэмаграфічным зборніку падае Еўразійская эканамічная камісія.

На другім месцы пасля Беларусі – Расея. А вось самай маладой краінай стаў Кыргызстан. Сярэдні ўзрост жыхароў у ЕАЭС:

Беларусь – 41,2 года.

Расея – 40,7 года.

Арменія – 37,4 года.

Казахстан – 32,1 года.

Кыргызстан – 28,3 года.

Асноўная прычына павелічэння сярэдняга ўзросту насельніцтва Беларусі – памяншэнне нараджальнасці. А таксама масавы ад’езд з краіны моладзі.

«Беларусы з’язджаюць перадусім ад таго, што не адчуваюць бяспекі, не адчуваюць перспектываў у той эканамічнай і палітычнай мадэлі, якую будуе Аляксандр Лукашэнка», – зазначае кандыдат сацыялагічных навук, палітолаг Алесь Папко.

Эканамічныя наступствы такой сітуацыі ў краіне стануць адчувальнымі ў найбліжэйшыя гады.

«Гэта недахоп працоўнай сілы, недахоп імпульсу для развіцця эканомікі, складанасці з пенсійнай сістэмай, якую мусяць мець працоўныя людзі для таго, каб былі выплаты для пенсіянераў. Гэта вельмі вялізная нагрузка, адпаведна, на бюджэт», – прагназуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

І з кожным годам гэтая нагрузка ўсё больш будзе ўплываць на беларусаў.

«Трэба будзе або падвышаць падаткі, зборы, або памяншаць пенсіі адносна сярэдніх заробкаў», – зазначае эканаміст, старэйшы навуковы працаўнік «BEROC» Леў Львоўскі.

Пакуль жа ўлады могуць за кошт сталых людзей выправіць сітуацыю з недахопам працоўных рук. Прынамсі, такое новаўвядзенне дэкларуюць прапагандысты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны сталага веку адпачываюць на лаўцы. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Вось толькі спрацаваць гэты спосаб можа праз 10 гадоў, мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч:

«Калі мы будзем мераць 10-гадовымі рамкамі, на пенсію будуць выходзіць тыя, хто добра карыстаецца камп’ютарам, ведае ўсе функцыі смартфонаў, тэлефонаў, бо яны пазнаёміліся з імі ў дастаткова маладым узросце, калі людзі здольныя да навучання».

Для скасавання праблемы старэння беларусаў існуе некалькі спосабаў. Найперш, адзначаюць нашыя суразмоўцы, павелічэнне нараджальнасці. Акурат да гэтага ўвесь час заклікае Лукашэнка ды кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава.

Але каб ён спрацаваў, ад дзяржавы неабходныя высілкі і ўкладанні – фінансавае заахвочванне семʼяў.

«Трэба паднімаць валавы ўнутраны прадукт, прадукцыйнасць працы, каб тыя маладыя, якія засталіся, за той самы час выраблялі больш прадуктаў. Укараняць самыя сучасныя тэхналогіі. І трэба матываваць, самае галоўнае – матываваць людзей», – падкрэслівае Алесь Папко.

Палепшыць сітуацыю могуць і працоўныя мігранты. Летась улады вызначылі спіс з дзесяці прафесіяў, з якімі замежнікі ўжо маюць магчымасць спрошчанай легалізацыі. Сёлета Мінпрацы плануе яго пашырыць.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»