У Польшчы падводзяць вынікі парламенцкіх выбараў і рэферэндуму


Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» перамагае, паводле папярэдніх падлікаў, аднак ці зможа кіраваць? Бо апазіцыйныя сілы супольна маюць больш мандатаў у Сейме. Афіцыйныя вынікі абвесцяць толькі заўтра. Але ўжо вядома, што выбарчая яўка была рэкорднай у гісторыі Новай Польшчы. Апошні выбарчы ўчастак зачыніўся а другой гадзіне ночы. Прыглядаюцца да выбараў у Польшчы і беларускія дэмакратычныя сілы, і рэжым у Менску. Ці нешта зменіцца для Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Парламенцкія выбары ў Польшчы. Чэргі пачалі ўтварацца за гадзіну да пачатку галасавання. І праца выбарчых участкаў зацягнулася да глыбокай ночы.

Жыхары Познані і Шчэціна дзеляцца эмоцыямі:

«Гэта свята дэмакратыі, трэба прагаласаваць, падабаецца гэта некаму ці не, павінен прыняць удзел».

«Я ўсё жыццё хадзіла, і пры камуністах, і цяпер. Гэта мой абавязак».

«Напэўна, варта, каб нешта змянілася ў нашай краіне».

Яўка – рэкордная за ўсю гісторыю Польшчы, амаль 73 %.

«Пры такой велізарнай яўцы гэтыя выбары прайшлі спакойна. Было вельмі шмат рызыкаў. Вы ведаеце, у нас вайна за нашай усходняй мяжой. Ідзе гібрыдны напад з беларускага боку, было шмат магчымых умяшанняў у нашыя выбары», – кажа польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Па выніках апрацоўвання 85 % галасоў на выбарах у польскі Сейм лідаруе кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» з вынікам 36,77 %.

Другое месца – за Грамадзянскай кааліцыяй з Дональдам Тускам на чале, якая набірае больш за 29 %. Таксама перакрочыць неабходны для трапляння ў парламент бар’ер у восем адсоткаў для кааліцыяў і пяціадсоткавы для партыяў змаглі цэнтрысцкая кааліцыя «Трэці шлях», аб’яднанне «Новыя левыя» і скрайне правая канфедэрацыя «Вольнасць і незалежнасць». Прыкладна такія ж вынікі назіраюцца і на выбарах у Сенат – верхнюю палату парламенту.

Дональд Туск
Лідар апазіцыйнай «Koalicji Obywatelskiej» Дональд Туск галасуе на парламенцкіх выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: PlatformaObywatelska / X

«У нас ёсць першыя вынікі даследаванняў, яны даюць нам чацвёртую перамогу ў гісторыі нашай партыі, чацвёртую перамогу», – звярнуўся да сваіх прыхільнікаў лідар партыі «Закон і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі.

Нягледзячы на фармальнае першае месца, такія вынікі выбараў цяжка назваць перамогаю «Закону і справядлівасці».

Партыя Ярослава Качыньскага атрымоўвае каля двухсот з чатырох шасцідзесяці месцаў у парламенце. Гэтага не дастаткова для самастойнага фармавання ўраду. Тым часам апазіцыйныя ды ідэалагічна блізкія Грамадзянская кааліцыя, «Трэці шлях» і «Новыя левыя» разам могуць разлічваць на 248 месцаў і, стварыўшы кааліцыю, сфармаваць новы ўрад.

«Ніколі ў жыцці я так не радаваўся гэтаму другому месцу. Перамагла Польшча, перамагла дэмакратыя!» – не хавае сваіх эмоцыяў лідар Грамадзянскай кааліцыі Дональд Туск.

Паралельна з выбарамі ў парламент праходзіла і галасаванне на рэферэндуме. Што праўда, ён не адбыўся праз нізкую яўку – 40 % замест мінімальных 50 % выбарцаў. То бок амаль палова палякаў, якія прыйшлі на выбары, не пажадалі ўдзельнічаць у рэферэндуме. Сярод пытанняў было адно, звязанае з нашаю краінаю: 96 % тых, хто ўзяў удзел у плебісцыце, прагаласавалі супраць зносу плоту на мяжы з Беларуссю.

Хада і вынікі выбараў у Польшчы апошнім часам сталіся ледзь не галоўнаю тэмаю беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў.

«У апошні час беларускія прапагандысцкія медыі літаральна за дзень сталі вялікімі спецыялістамі па Польшчы і польскім выбарам. Зʼявіліся польскамоўныя спікеры, артыкулы пра польскія выбары і нават дзяржаўная агенцыя “Белта” прэзентавала польскую старонку», – кажа журналістка-міжнародніца Марыя СадоўскаяКамлач.

Выглядала так, што ў польскіх выбарах Лукашэнка нават меў свайго фаварыта, з якім звязваў змены ў польска-беларускіх стасунках.

«Калі новыя сілы прыйдуць да ўлады, то ёсць надзея што будзе нейкая перазагрузка», – казаў Лукашэнка ў пачатку кастрычніка.

Але марам беларускага дыктатара здзейсніцца не лёс, мяркуюць адмыслоўцы.

«Даволі сыходзяцца погляды на тое, што рабіць з Беларуссю.Той жа Роберт Бедрань з Левіцы – прадстаўнік ЛГБТ у Еўрапарламенце – узначальваў розныя ініцыятывы па дапамозе Беларусі і дэмакратычнай супольнасці, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі з Грамадзянскай кааліцыі чаго толькі не рабіў для беларускіх ініцыятываў», – тлумачыць Марыя Садоўская-Камлач.

Непрызнанне рэжыму Лукашэнкі, дапамога беларускай дэмакратычнай супольнасці ды падтрыманне Украіны ў развязанай Расеяй агрэсіі – ледзь не адзіныя пытанні, у якіх маюць згоду і цяперашняя партыя ўлады і апазіцыя.

«Унікальны выпадак, калі Святлана Ціханоўская магла адначасова сустрэцца і з прадстаўніком апазіцыі, мэрам Варшавы і з прэзідэнтам ці прэмʼерам – прадстаўніком партыі кіроўнай. Ні ў якім іншым пытанні пазіцыі гэтых і іншых (напрыклад “Левіцы”) палітычных рухаў так у Польшчы не сходзяцца, як у пытанні дэмакратыі на ўсходзе», – дадае журналістка-міжнародніца.

Афіцыйныя вынікі галасавання Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы агучыць заўтра, 17 кастрычніка.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»