Сёння адзначаюць Дзень дэмакратыі


Спадарства, дазвольце павіншаваць вас са святам. Сёння – Міжнародны дзень дэмакратыі, абвешчаны Арганізацыяй аб’яднаных нацыяў. Летась тэмай урачыстасцяў была свабода прэсы, сёлета – роля дзяцей і моладзі ў пабудове свабоднай будучыні. Праўда, мы падышлі да гэтай даты з даволі змрочнымі паказнікамі правоў і свабодаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы выбралі свабоду, і працягваюць змагацца адзін за аднаго. І нам ёсць чым ганарыцца. Так Святлана Ціханоўская павіншавала суайчыннікаў з Міжнародным днём дэмакратыі.

«Штодня беларусы беражліва ахоўваюць парасткі дэмакратыі ў сабе… Калі пераходзяць на беларускую мову ў сацыяльных сетках і вучаць яе па шоу на Ютубе. Калі ставяць VPN, каб чытаць “Нашу Ніву” і глядзець “Белсат”. Калі вераць у тое, што ўжо хутка гэтыя парасткі дэмакратыі абавязкова прабʼюцца з-пад асфальту шэрасці і дыктату», – так абраная прэзідэнтка Беларусі звярнулася да грамадзянаў на відэа.

Дэмакратыя – даслоўна «улада народу» – гэта складаная сістэма самакіравання, якую цяжка збудаваць, лёгка страціць і складана, але магчыма ацаніць.

Паводле рэйтынгу «Economist Group», за мінулы год сярод лідараў па дэмакратычнасці грамадства былі скандынаўскія краіны, Новая Зеландыя, Швейцарыя, агулам даволі заможныя краіны. Эксперты ацэньваюць 6 дзясяткаў паказнікаў.

«Няма такога рэйтынгу, які на 100% даваў бы верагодную веду, але гэты рэйтынг нездарма карыстаецца такой добрай рэпутацыяй. Ён даволі салідны», – падкрэслівае Пётр Рудкоўскі з Інстытуту філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук.

Але Беларусь на 153-м месцы – між Эрытрэяй і Іранам. Горш за нас па паказніках улады народу жывуць у асноўным краіны Азіі ды Афрыкі. Хаця геаграфія тут не пры чым, кажа Віталь Цыганкоў.

«У Еўропе знаходзілася і нацыянал-сацыялістычная Нямеччына, і дыктатарскія рэжымы Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі і гэтак далей. Так што сама Еўропа яшчэ не зʼяўляецца, паводле вызначэння, нават у 21-м стагоддзі, гарантыяй дэмакратычнасці», – нагадвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Даследчыкі адзначаюць 5 асноўных параметраў дэмакратычнасці грамадства. Гэта грамадзянская актыўнасць, калі на выбарах ідзе сапраўднае змаганне, а грамадзяне актыўна і галасуюць, і пратэстуюць.

Гэта роўнасць, калі ўсе маюць да гэтай актыўнасці аднолькавы доступ, ўсе роўныя перад законам, каб чыноўнікі не злоўжывалі ўладай.

Абарона асноўных правоў: меркаванняў, свабодаў і сходаў, дэманстрацыяў – тое, пра што ў Беларусі амаль забылі.

Справаздачнасць і празрыстасць, калі грамадзяне могуць спраўдзіць, як менавіта палітыкі прадстаўляюць іх інтарэсы.

І мірная перадача ўлады. Гэта калі чыноўнік не чапляецца пасінелымі пальцамі за пасаду, а сыходзіць, калі не мае больш паўнамоцтваў.

Праўда, атачэнне Лукашэнкі бачыць свет па-свойму.

«Дэмакратыя – гэта сацыяльны ліфт, які працуе. Калі любы хлопчык ці дзяўчынка можа падняцца ўгару па карʼернай лесвіцы і стаць кім заўгодна: прафесарам, генералам, дырэктарам, губернатарам і нават прэзідэнтам… А калі ты ў Амерыцы, напрыклад, разносіш піцу, то і дзеці твае будуць разносіць піцу», – заявіў днямі старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.

Як адзначаюць даследчыкі, такое размыванне тэрміну «дэмакратыя» характэрнае для аўтарытарных дзяржаваў. Кітайская Народная Рэспубліка, Карэйская Народная Дэмакратычная Рэспубліка, Дэмакратычная Рэспубліка Конга – не народныя, не дэмакратычныя і не рэспублікі. Як і сённяшняя Беларусь.

У падобным ключы разважае і новы вялікі сябар Лукашэнкі, Тэадора Абʼянг. Яго абвінавачваюць у канібалізме, даказаныя факты ўжывання «эскадронаў смерці», катаванняў і забойстваў апазіцыі ў турмах, Абʼянг кіруе Экватарыяльнай Гвінеяй з 1979-га года, зрабіў сына віцэ-прэзідэнтам, але кажа, што дэмакратыя – гэта сацыяльная справядлівасць. Краіна багатая нафтай, але вельмі бедная. І ў Рэйтынгу Дэмакратычнасці на 5 пазіцыяў ніжэй Беларусі.

«Дэмакратыя спрыяе эканамічнаму развіццю, а эканамічнае развіццё спрыяе ўмацаванню дэмакратычных інстытутаў», – тлумачыць Пётр Рудкоўскі.

Але што актуальна сёння – дэмакратычныя краіны ніколі не ваявалі між сабой.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»