Беларусь абвалілася ў сусветным «Індэксе дэмакратыі»


Брытанскае выданне The Economist апублікавала штогадовае даследаванне «Індэкс дэмакратыі», дзе вызначыла найбольш і найменш дэмакратычныя краіны за 2022 год. Аналізаваўся стан дэмакратыі ў 167 краінах паводле пяці паказнікаў: выбарчы працэс і плюралізм, дзейнасць ураду, удзел у палітычным жыцці, палітычная культура і грамадзянскія свабоды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзяржавы ў рэйтынгу падзеленыя на чатыры катэгорыі: «поўная дэмакратыя», «недасканалая дэмакратыя», «гібрыдны рэжым» і «аўтарытарны рэжым».

Беларусь трапіла да ліку аўтарытарных рэжымаў і размясцілася на 153-й пазіцыі са 167 дзяржаваў. Паводле брытанскіх экспертаў, горш сітуацыя толькі ў Іране, Емене, Кітаі, Таджыкістане, Экватарыяльнай Гвінеі, Лаосе, Чадзе, Туркменістане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Сірыі, Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы, Паўночнай Карэі, М’янме і Афганістане.

Таксама наша краіна трапіла ў спіс краінаў, у якіх сітуацыя за 2022 год найбольш пагоршылася. Разам з Беларуссю там апынуліся Буркіна-Фасо, Гаіці, Сальвадор, Туніс, Ірак, Іярданія, Мексіка і Гон-Конг. Найгоршы ж паказнік у гэтым плане паказала Расея, што апусцілася са 124-га на 146-е месца.

На думку экспертаў, на нізкі ўзровень дэмакратыі ў Расеі паўплывалі, сярод іншага імперскае мысленне і псіхалагічная траўма пасля распаду СССР.

«Расея ніяк не можа змірыцца з думкай пра незалежнасць былых савецкіх рэспублік, асабліва Беларусі і Украіны, і з тым фактам, што мільёны былых савецкіх грамадзянаў цяпер жывуць за межамі Расеі», – адзначаюць складальнікі «Індэксу дэмакратыі».

Гэта ў тым ліку спрычынілася да агрэсіі супраць Украіны, пішуць брытанскія эксперты.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў