У ВНУ цяпер не толькі вучаць, але і судзяць


Паказальны суд адбыўся над двума студэнтамі ў БДТУ. У сюжэце БТ іх абвінавачваюць у нацысцкім вітанні і распаўсюджванні ў чатах стыкераў, жартаў пра Гітлера і нацысцкую сімволіку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што ім сказаў дарослы, нельга, тое-сёе, яны могуць прапусціць міма вушэй. А вось калі бачаць, што менавіта іх студэнт-сакурснік за нешта быў пакараны – да іх гэта хутчэй даходзіць», – тлумачыць матывацыю прарэктар БДТУ Дзмітрый Гапанюк.

Хлопцам далі 15 содняў і забралі тэлефоны. На мінулым тыдні ўжо адбыўся падобны паказальны суд, а наперадзе яшчэ 30 абвінавачаных.

«Гэта жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з гэтымі людзьмі. Гэта вялікі псіхалагічны ціск. Зноў жа, гэта студэнты, людзі такія ж, як ты сам, пытанне аўтарытэту, пытанне рэпутацыі», – абураецца праваабаронца цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова.

За апошнія пяць гадоў адбылося прынамсі 13 паказальных судоў, калі маладзёнаў і падлеткаў судзілі пры аднагодках ва ўстановах адукацыі. Гэта наркатычныя артыкулы, ухіленне ад набору ў войска, няплата за навучанне, хуліганства.

Выязныя судовыя паседжанні – гэта сапраўды адна з формаў прафілактыкі злачынстваў паводле закону. Але праваабаронцы лічаць гэта неправамерным, тлумачыць Вікторыя Рудзянкова:

«Гэта праявы індактрынацыі, то бок працэс гвалтоўнага навязвання ідэалогіі, гвалтоўнае навязванне бачання гэтага свету чалавеку, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей альбо студэнтаў. Парушаецца свабода выказвання меркавання, свабода сумлення і рэлігіі, а таксама свабода адукацыі. Таму што мы ведаем, студэнтаў і дзяцей прымушаюць туды прыходзіць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты побач з будынкам аўтатрактарнага факультэту БНТУ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Бяруцца і за выхаванне выкладчыкаў. У эфіры СТВ старшыня Моладзевага парламенту Мікіта Рачылоўскі заклікаў узяцца за тых, хто не прытрымліваецца «агульнапрынятых гістарычных фактаў»:

«Прэзідэнт сказаў такі тэзіс, што нам трэба перагледзець рэктарскі склад вышэйшых вучэбных установаў нашай краіны. І мне падаецца, трэба звярнуць увагу не толькі на рэктарскі склад, а і на прафесарска-выкладніцкі. Калі шчыра, на некаторых гістарычных факультэтах нашай краіны тварыцца такая бздура. Там такія бэчэбэшнікі заселі».

«Лукашэнкаўскія ідэолагі хочуць папросту нейкі ўвесці канон гістарычных фактаў, гістарычных канцэпцыяў, якія толькі абавязковыя да выкарыстання і якіх нельга парушаць», – лічыць гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Напярэдадні ў Полацкім дзяржаўным універсітэце звольнілі дацэнтаў Віктара Чараўка і Сяргея Глазырына. Іх затрымалі 23 траўня нібыта за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі, далі 13 і 15 содняў адпаведна. Такое ж абвінавачванне меў дацэнт Юрый Кежа, яго звольнілі, але навуковец застаўся на волі. У траўні пад хвалю затрыманняў трапілі каля паўтара дзясятка работнікаў універсітэту. Частка рэпрэсаваных належала акурат да гістарычнай кафедры.

«Калі спрабаваць такім вось ботам салдацкім націснуць на ўсё і замяць у пясок, то гэткая сітуацыя ненармальная і яна ніяк не садзейнічае прагрэсу навукі. Гэта ўжо не навука, гэта ўжо ідэалогія, і яна не спрыяе таму, каб людзі вучыліся мысліць, каб людзі вучыліся разумець», – каментуе Аляксандр Пашкевіч.

А пазаўчора на знак салідарнасці з калегамі 6 загадчыкаў кафедраў падалі заявы аб пераводзе на пасаду выкладчыка, каб не падтрымліваць палітычнага пераследу калегаў.

Яна Шэк, «Белсат»