У Беларусі студэнтаў ВНУ плануюць забіраць ў войска


Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч прапанаваў забіраць студэнтаў у войска. Адпаведную заяву ён зрабіў на нарадзе з кіраўніцтвам розных ВНУ. Такая практыка была ў СССР.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У савецкія часы па дасягненні 18 гадоў усе абавязаныя былі ісці ў войска. Нават калі вы вучыцеся ў вышэйшай навучальнай установе», – распавядае старэйшы аналітык «BISS» Андрэй Лаўрухін.

Аляксандр Вальфовіч мяркуе, што служба ў войску дапаможа студэнту зразумець, для чаго менавіта ён паступаў у ВНУ.

«Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс спелым – на яго і дзяўчаты будуць інакш глядзець», – заявіў дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Што можа падштурхнуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі на такі крок?

«Менавіта дэфіцыт, дэфіцыт прызыўнога рэсурсу прымушае ісці на такую досыць непапулярную меру», – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык назваў магчымую рэформу «праявай слабасці рэжыму»:

«Яны спрабуюць рознымі мерамі, у тым ліку гэтай, зрабіць кіраванай яшчэ нейкую частку грамадства. Загнаць у армейскі строй, абуць у боты. Ну, і прымусіць выконваць любыя, самыя дурныя, указанні».

Цяпер у Беларусі для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў на заканадаўчым узроўні дзейнічае адтэрмінаванне ад прызыву на вайсковую службу. Падчас навучання студэнты наведваюць вайсковую кафедру і пасля яе заканчэння атрымліваюць малодшае афіцэрскае званне.

Паводле дадзеных інфармацыйнага агенцтва ЗША «Юнайтэд Прэс Інтэрнэшнал», у Савецкім Саюзе каля сарака адсоткаў студэнтаў не вярталіся ў ВНУ пасля службы ў войску. На думку нашых экспертаў, Беларусі ўвогуле пагражае чарговая хваля эміграцыі.

«Дзяржава цяпер страляе сабе ў будучыню ў галаву тым, што якраз уводзячы такія меры, сапраўды ініцыюе і стварае дадатковыя чыннікі, каб моладзь з’язджала з краіны. Акрамя таго, што дэвальвуецца якасць вышэйшай адукацыі, яна робіцца цяпер небяспечнаю для жыцця», – кажа Андрэй Лаўрухін.

Валерый Сахашчык мяркуе, што беларускія абітурыенты цяпер будуць паступаць у ВНУ Варшавы і Масквы:

«Будзе вялікая карысць ад прыцёку студэнтаў для Расеі і Польшчы. Але для Беларусі, акрамя шкоды, не будзе нічога».

У савецкі час прызыў студэнтаў праводзілі ў перыяд з 1982 да 1989 года. Такім чынам Камуністычная партыя здымала праблему камплектавання Узброеных сілаў ва ўмовах дэмаграфічнага крызісу і вайны ў Афганістане.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»