Афіцыйны Менск забараніў увозіць шэраг тавараў з Літвы


Урад Лукашэнкі забараніў увозіць асобныя тавары з Літвы. Такая захада – адказ на пастанову Вільні закрыць два памежныя пункты пропуску. Пад забарону трапілі воды, сокі, малако, кава, піва, апоны, ужыванае адзенне і аўтазапчасткі, шкарпэткі, халадзільнікі ды іншыя тавары. Прычым краіна іх паходжання значэння не мае. Ці ўдасца пакараць рублём літоўскі бізнес? Паводле эксперта – не.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не гледзячы на геаграфію і гістарычныя сувязі, Беларусь не ўваходзіць у пералік найбуйнейшых літоўскіх партнёраў», – распавёў публіцыст, спецыяліст у міжнароднай эканоміцы.

Аднак пэўную шкоду для Літвы такія захады ўсё-ткі прынясуць. Наколькі вялікую?

«Напэўна, размова ідзе пра мільёны еўраў, а не пра мільярды. Гэта не нешта такое, што сур‘ёзна можа паўплываць на літоўскую эканоміку», – лічыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыелюс Ландсбергіс назваў уведзеную забарону «санкцыямі супраць самых сябе».

«Для нашай эканомікі, хоць яна і невялікая, гэта сродак спрыяння дыверсіфікацыі. То бок нават тыя невялікія групы тавараў, што раней паступалі ў Беларусь, мы накіруем у іншыя месцы», – Сцвярджае міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Новая пастанова забараняе завозіць тавары для рэалізацыі і спажывання, але дазваляе тавары для асабістага карыстання. Таму, напрыклад, віленскі «Акропаліс» захавае сваё прызначэнне для беларусаў. Але як гэтыя захады адаб’юцца на беларускім спажыўцу?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Акропаліс».
Фота: DELFI / Domantas Pipas

«Гэта паўплывае неістотным, але негатыўным чынам. У людзей будзе менш магчымасцяў набыць нейкія тавары, зменшыцца канкурэнцыя на пэўных рынках. Гэта знізіць якасць таго, што людзі купляюць, а цана – павялічыцца», – падсумоўвае публіцыст, спецыяліст у міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц.

«Узнікнуць нейкія замяняльнікі па тым самым кошце, але ніжэйшай якасці. Частку тавараў, якую нельга правезці праз Літву, будуць весці праз іншыя краіны. Застаецца яшчэ Латвія, Польшча», – падсумаваў дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Аднак акрамя Вільні беларускае МЗС заклікала «да самастойнасці, узважанасці і арыентаванасці на сапраўдныя інтарэсы ўласнага народу» і Рыгу. Маўляў наступная на чарзе – Латвія.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»