У Гомлі судзяць музыкаў гурта Tor Band


У Гомлі пачалі судзіць музыкаў гурта Tor Band. Справу разглядаюць у закрытым рэжыме. Гэтая справа з’яўляецца яскравым прыкладам шырокамаштабных рэпрэсіяў у сферы культуры ў Беларусі. Tor Band займеў папулярнасць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 года. Песня «Мы не народец» сярод іншых стала музычным сімвалам нядзельных маршаў. Сёння музыкі на лаве падсудных, а іхная творчасць забаронена.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дзяржава ўспрымае музыкантаў як нейкіх злодзеяў, у якіх замест зброі ў руках гітары і мікрафон. Дзяржава такім чынам прызнае, што музыка і музыканты – небяспечныя для яе існавання», – кажа Аляксандр Чарнуха, аўтар YouTube-каналу «Міністэрства сепультуры».

Удзельнікаў гурту абвінавацілі па чатырох крымінальных артыкулах: распальванне сацыяльнай варожасці, стварэнне «экстрэмісцкага фармавання», дыскрэдытацыя Беларусі і абраза Лукашэнкі. Яўгену Бурло, Дзмітрыю Галавачу і Андрэю Ярэмчыку пагражае да 12 гадоў турмы. Усіх прызналі палітзняволенымі.

Паводле юрыста Рамана Кісляка, «у таталітарнай дзяржаве, якой становіцца Беларусь, любыя актыўныя дзеянні могуць выклікаць кваліфікацыі 2-х, 3-х, 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэкса».

10 песень, сацсеткі, лагатып і Patreon гурта прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі задняй датай. На той момант музыкі ўжо былі за кратамі. У тэкстах песень Tor Band закранаў тэмы годнасці беларускага народу, любові да радзімы і заклікаў Лукашэнку сысці з пасады.

Наконт феномену гурта Аляксандр Чарнуха кажа:

«Хлопцы стварылі вельмі простыя і запамінальныя песні пра тое, што сапраўды хвалявала людзей у 2020 годзе. Яны трапілі ў нейкі нерв, прымусілі людзей адрэфліксаваць тое, што з імі адбывалася. Калі я сам рабіў інтэрв’ю з гуртом, яны казалі што з ідэй і думак людзей, якія ляталі ў паветры ў той час, яны і зрабілі тэкст песні “Мы не народец”».

Злева направа: Яўген Бурла, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык.
Фота: babruysk.by

Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі ў Рагачове разам з жонкамі летась у кастрычніку. Усе атрымалі штрафы і па 15 содняў арышту, пасля якіх музыкі на волю ўжо не выйшлі. Ім тройчы запар працягвалі адміністратыўны арышт, пакуль не выставілі крымінальнае абвінавачанне. Tor Band стаў першым музычным калектывам, які рэжым Лукашэнкі прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем.

«Калі справа так доўга расследуецца, відавочна, што яна дыхае на ладан, і яе ледзь-ледзь сабралі і запхнулі ў суд», – упэўнены юрыст Раман Кісляк.

Сябра музыкаў гурта Дзяніс Дашкевіч дадае: «Складаецца ўражанне, што сёння ва ўладзе засталіся такія маргіналы, якія самі нічога не ўмеюць і ненавідзяць людзей, помсцяць ім толькі за тое, што гэтыя людзі робяць лепш, чым яны».

Справа Tor Band – толькі адзін з прыкладаў рэпрэсіяў у сферы культуры. Паводле апублікаванага ў пачатку жніўня даследавання Пэн-цэнтру са студзеня па чэрвень сёлета ў Беларусі зафіксавалі 925 парушэнняў правоў у дачыненні да дзеячаў культуры: ад пераследу за іншадумства да ўключэння ў экстрэмісцкія спісы і пазбаўлення права на справядлівы суд. Як жа гэта ўплывае на сучасную беларускую культуру?

«Беларуская культура сыдзе ў нейкае падполле і будзе існаваць там, ці стане абсалютна апалітычнай. Мы ўжо гэта праходзілі, гэта вельмі балючы працэс – працэс татальнай самацэнзуры і цэнзуры», – адказвае Аляксандр Чарнуха.

Улады намагаюцца, каб пра Tor Band забылі – іх музыку і кліпы спрабуюць выдаляць. Але творчасць музыкаў жыве і працягвае кранаць беларусаў.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»