Еўразвяз патрабуе арыштаваць Лукашэнку


Ужо ёсць ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, хутка можа з’явіцца ордар і на арышт Аляксандра Лукашэнкі. З той жа прычыны – незаконнае і прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі і Беларусі, што расцэньваецца як злачынства супраць чалавечнасці. Еўрапейскі парламент звярнуўся да Міжнароднага крымінальнага суду з адпаведным заклікам абвесціць Лукашэнку ў міжнародны вышук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Страсбур, Францыя, Еўрапарламент. Абсалютнай большасцю галасоў Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю аб дачыненнях з Беларуссю. Еўрадэпутаты асудзілі саўдзел Беларускага таварыства Чырвонага крыжа ў нелегальнай дэпартацыі маленькіх украінцаў на нашую тэрыторыю і заклікалі выдаць ордар на на арышт Лукашэнкі, такі самы, як на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі ЛьвовайБяловай, якая арганізоўвала вываз і асіміляцыю дзяцей з Украіны:

«Еўрапейскі парламент асуджае незаконную перадачу больш чым 2150 дзяцей, у тым ліку сіротаў, з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны ў так званыя аздараўленчыя лагеры ў Беларусі, дзе дзеці зазнаюць русіфікацыю і ідэалагічнае апрацоўванне… Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы міжнароднага ордару на арышт Аляксандра Лукашэнкі».

На сёння Генеральная пракуратура Украіны расследуе 20 тысячаў выпадкаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Паводле Канвенцыі, якую прыняла Генеральная асамблея ААН 75 гадоў таму, гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую расцэньваецца як генацыд.

«Практыка прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і іх усынаўлення расейцамі – гэта элемент аднаго з найбольш пачварных міжнародных злачынстваў, генацыду. Дэпартуючы і ўсынаўляючы нашых дзяцей, расейцы свядома крадуць будучыню ўкраінскае нацыі», – патлумачыў журналістам генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін.

Пасля таго, як Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд арыштаваць Лукашэнку, той паляцеў на перамовы ў Сочы. А Уладзімір Пуцін сабраў Савет Бяспекі.

«На парадку дня ў нас некалькі пытанняў. Яны датычацца развіцця стасункаў з нашымі бліжэйшымі суседзямі і саюзнікамі», – заявіў Пуцін сваім сілавікам.

Рашэнне аб ордары на арышт Лукашэнкі прымае пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан у Гаазе, тлумачыць Павел Латушка. Ён нагадвае, што яшчэ ў траўні Народнае антыкрызіснае ўпраўленне арганізавала ў Страсбуры прэзентацыю па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Апроч Лукашэнкі, там яшчэ 4 асобы – падазраваных.

«27 чэрвеня ў Гаазе мы перадалі першую камунікацыю па фактах ваенных злачынстваў, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі адносна ўкраінскіх дзяцей у Міжнародны крымінальны суд. Так што ўсе матэрыялы ўжо там ёсць. Ну, можа, не зусім усе, бо другую частку мы перадамо бліжэйшым часам», – распавёў «Белсату» намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Як тлумачыць Павел Латушка, рашэнне Еўразвязу – гэта вынік супольнай працы дэмакратычных сілаў. Інфармацыю пад ордар для Лукашэнкі супольна збіраюць Кіберпартызаны, Беларускі расследавальніцкі цэнтр, НАУ. Абʼяднаны пераходны кабінет супрацоўнічае з кіраўніцтвам Еўрапарламенту і еўрадэпутатамі.

«Заклікаю дзяржавы і інстытуцыі Еўразвязу працягваць узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі праз павелічэнне санкцыяў, праз персанальны фінансавы пераслед тых, хто падтрымлівае рэжым, і праз дэтальную падрыхтоўку да Міжнароднага трыбуналу аб ваенных злачынствах ва Украіне», – звярнуўся да сваіх калегаў у Еўрапарламенце дэпутат Пятрас Аўштравічус, які ўваходзіць у дэлегацыю ў дачыненнях з Беларуссю.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Таксама Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадае матэрыялы ў Генеральную пракуратуру Украіны.

«Ордар Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі Львовай-Бяловай – гэта яскравы прыклад, што за такое ваеннае злачынства ніхто не можа і не зможа быць вышэй за закон», – падкрэслівае генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін.

Галоўная мэта – спыніць саўдзел Беларусі ў ваенных злачынствах Пуціна і вярнуць украінскіх дзяцей дадому. Таксама гэта інструмент ціску на Лукашэнку.

«Усё ягонае атачэнне будзе разумець, што на Лукашэнку пастаўленая “чорная метка”, што ён праз усё сваё жыццё будзе знаходзіцца ў пошуку, ён не зможа наведваць нават некаторыя краіны СНД, напрыклад, Арменію, што далучаецца да Рымскага статуту», – заявіў «Белсату» Павел Латушка.

Як мяркуе палітык, настане момант, калі само атачэнне Лукашэнкі вырашыць аддаць яго пад арышт узамен за ўласную свабоду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»