Чым насамрэч з'яўляецца праца моладзі?


Дзесяць дзён спатрэбілася Следчаму камітэту, каб распачаць крымінальную справу па факце гібелі падлетка на Мсціслаўшчыне. Трагедыя здарылася 3-га жніўня. Паводле следства, 17-гадовы хлопец, які працаваў аператарам збожжасушыльнага комплексу, не меў допуску да працы і парушыў тэхніку бяспекі. Моладзь уладкоўваецца на працу ўлетку як з уласнай ініцыятывы, так і арганізавана.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе заробленыя грошы за гэты дзень былі пералічаныя на будоўлю Рэспубліканскага моладзевага цэнтру патрыятычнага выхавання», «Мы ўдзячныя за магчымасць паўдзельнічаць у гэтай акцыі і папрацаваць для будучыні краіны», – падобныя відэа выстаўляюць у сацсетках прадстаўнікі беларускіх будатрадаў.

Аб’екты Рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці атрымалі статус усебеларускай моладзевай будоўлі. Адпаведны дакумент на мінулым тыдні падпісаў Лукашэнка. Цяпер на гэты абʼект актыўна збіраюць грошы праўладныя арганізацыі.

Студэнцкія атрады афіцыйна прадстаўляюць як школу жыцця і магчымасць зарабіць улетку. Ці праўда гэта?

«Людзей набіраюць не паводле спецыяльнасці, гэта неабавязкова. Будаўнікі будуць працаваць на будоўлі – туды бяруць і эканамістаў, і юрыстаў і проста выкарыстоўваюць іх па сваіх патрэбах і для сваіх мэтаў. Навошта плаціць больш, калі можна капейкі заплаціць студэнтам?», – кажа прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Зарабляюць у студатрадах сапраўды няшмат. Паводле Міністэрства адукацыі, летась сярэдні заробак у такіх атрадах склаў 387 рублёў 18 капеек. За гэтыя ж грошы, бывае, карыстаюцца прафесійнымі ведамі студэнтаў.

«Потым пабачылі, што мы вучымся на прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве, што мы штосьці ведаем пра будоўлю, пачалі даваць больш адказную працу», – прыводзіць Рабочы рух словы камандзіра студэнцкага будаўнічага атраду «Спадчына» Сямёна Люльковіча.

Абгортваецца цяжкая і нізкааплатная праца ў патрыятычныя лозунгі. Сённяшнія студэнцкія рухі працягваюць традыцыі, закладзеныя ў савецкі час, падкрэслівае палітолаг Дзмітрый Балкунец, бо рэжым жыве савецкім мінулым. Але ў патрыятычным выхаванні важна, каб яно не было навязанае сілай. Важная і альтэрнатыва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё гарадскіх агародаў. Менск, Беларусь, 16 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Калі б гэтую моладзь завезлі летам, да прыкладу, на раскопкі ў Курапаты ці іншыя канцлагеры на тэрыторыі Беларусі і паказалі, як зверствавалі бальшавікі, а не толькі фашысты, то гэта магло б паўплываць на іх светапогляд», – лічыць Дзмітрый Балкунец.

Затое бяспечныя ўмовы працы студэнтам гарантаваныя не заўжды, адзначаюць у Рабочым руху.

«Далёка не паўсюль улічваюцца ўсе нарматывы і выконваецца ахова працы. Таму што ў некаторых арганізацыях нават журналу аховы працы не існуе», – падкрэслівае Аляксандр Сакалоў.

Рабочы рух збірае інфармацыю пра парушэнні для чарговага штогадовага дакладу ў Міжнародную арганізацыю працы. Гэтым разам ён датычыць дыскрымінацыі на працоўных месцах, кажа Юрый Рававы. Людзей фактычна змушаюць звальняцца, не пускаючы ў праўладны прафсаюз.

«Для тых, хто не ёсць чальцамі, падразаюць матэрыяльныя выплаты, звязаныя з аздараўленнем, адпачынкам, і ўсё гэта накіравана, каб вымусіць людзей звольніцца», – тлумачыць Юрый Рававы.

Але кепскія ўмовы працы для моладзі, фактычна прымусовая праца і нізкія заробкі для маладых, паводле актывіста, могуць стаць нагодаю для наступнай скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»