Выбары, якія адбудуцца пад ударамі дронаў і артылерыі


Адзін дзень да пачатку выбараў Пуціна ў Расеі. Белгарад абстрэльваюць з артылерыі і бамбяць дронамі. Перападае і Курскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На ўкраінска-расейскім памежжы працягвае дзеяць і дэманстраваць здымкі падбітай тэхнікі федэралаў легіён «Свабода Расеі». Яго байцы заклікаюць мірнае насельніцтва Белгародскай вобласці эвакуявацца.

Выданне ж «Блумбэр» паведамляе, што толькі за апошнія два дні атакі ўкраінскіх беспілотнікаў спаралізавалі 12 адсоткаў нафтаперапрацоўчых магутнасцяў Расеі.

У расейскіх жа сілавікоў і спецслужбаў, верагодна, ёсць больш важныя справы. Сярод іх – пераслед апазіцыйных актывістаў. Напрыклад, валанцёраў штабу Барыса Надзеждзіна. Нягледзячы на тое, што ЦВК так і не дапусціла самога палітыка да выбараў, у Калузе збілі кіраўніка ягонага мясцовага штабу. Ва Уладзівастоку арыштавалі яшчэ чацвярых паплечнікаў.

«На месцах, у рэгіёнах спрабуюць выслужыцца і перастрахавацца. Таму там, дзе ёсць актыўныя хлопцы, як мае байцы, іхнай актыўнасці з любой нагоды і ўсімі сродкамі спрабуюць не дапусціць у гэтыя дні выбараў», – кажа расейскі палітык Барыс Надзеждзін.

Не шкадуюць грошай і на агітацыю за Пуціна. Расейскую аўдыторыю нашпігоўваюць ролікамі пра доблесных расейскіх салдатаў, якія працягваюць руку дапамогі нават ворагу. А яшчэ дадаюць пра страшную альтэрнатыўную будучыню Расеі і Украіны. Напэўна, улады лічаць, што так уяўляе сабе заходнія каштоўнасці сярэднестатыстычны расейскі выбарнік.

«Як мне падаецца, пакуль што ўся гэтая гісторыя зусім ні на якую масавую мабілізацыю не працуе. Як большасці насельніцтва Расеі было абсалютна абыякава, хто там ім кіруе, якія там выбары, што адбываецца, у іх сваё жыццё, і чым менш іх чапаюць, тым ім лепш, – да гэтага часу так і засталося. Ніякая вайна на гэта сур’ёзна пакуль не паўплывала», – кажа заснавальнік і галоўны рэдактар медыя «Проверено» Ілля Бер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Крэмль. Масква, Расея.
Фота: Ганна Іларыёнава / Pixabay

Адначасова ж кіраўніцтва Расеі вяшчае пра еднасць усіх слаёў грамадства. Пуцін звярнуўся да расейцаў з заклікам прыходзіць на выбары:

«Неабходна пацвердзіць нашу згуртаванасць, рашучасць разам ісці наперад. Кожны ваш голас каштоўны і значны».

Між тым, паводле звестак Надзеджзіна, падтрыманне Пуціна ў Расеі – на ўзроўні прыкладна 55-60 адсоткаў. Палітык прагназуе, што асоба, якая ў 21-м стагоддзі развязала поўнамаштабную вайну з суседняй краінай, атрымае з улікам яўкі дзесьці да 80 адсоткаў галасоў выбарнікаў. Нягледзячы на эканамічны стан у Расеі.

З заявай наконт расейскіх выбараў выступіў і апазіцыйны расейскі палітык Міхаіл Хадаркоўскі:

«Мы разлічваем, што нам удасца або пераканаць значную частку заходніх урадаў і парламентаў прызнаць нелегітымнасць будучых выбараў, або прынамсі не выказваць афіцыйнага прызнання гэтай легітымнасці».

Між тым, як паведамляюць украінскія медыі, расейскія войскі, каб не дапусціць далейшага пранікнення дыверсійных групаў углыб Расеі, узарвалі мост на мяжы Украіны і Белагародскай вобласці.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»