У Горадні зносяць гістарычную забудову


Мінус адная аўтэнтычная гістарычная забудова дзевятнаццатага стагоддзя. У Горадні знеслі будынак казармы, які першапачаткова абяцалі захаваць і перабудаваць у элітнае жытло. Але нешта пайшло не так. Гарадскія ўлады апраўдваюцца: маўляў, сцены не вытрывалі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фасады былых казармаў у Горадні абяцалі захаваць, але раптам на будаўнічай пляцоўцы з’явілася цяжкая тэхніка. На гэты момант забудоўнік «Палессежылбуд» паспеў знесці толькі адзін будынак.

«Адбылася проста пэўнага роду катастрофа для гісторыі Горадні. Горад мае вялікую вайсковую традыцыю, варта памятаць, што вялікі гарнізон у гэтым вайсковым гарадку мела і расейскае, і польскае войска. Я думаю, што гэта вялікая страта, і непакоюся, што будзе з іншымі казармамі, ці яны таксама трапяць пад знос», – зазначае студэнт гісторыі, адміністратар суполкі «Garnizon Grodno» Якуб Рафалоўскі.

Былыя казармы на Шчорса 2 і 4 перабудоўваюць у элітны жылы комплекс «Double V». Першапачаткова праект прадугледжваў пашырэнне аўтэнтычных вокнаў у фасадзе. Падчас грамадскіх абмеркаванняў краязнаўца Мечыслаў Супрон звяртаў увагу, што гэта можа змяніць характар апорных канструкцыяў і прывесці да аварыйнасці. У выніку аварыйнасць выявілі.

«Цэгла страціла свае ўласцівасці, гэты факт пацвердзіла атэставаная на правядзенне абследаванняў кампанія. Гэты факт не мог запэўніць бяспекі рэканструяванага аб’екту, бо і без таго слабыя канструкцыі дадаткова нагружаліся», – патлумачылі ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гарадзенскага гарвыканкаму.

Так званыя Аляксандраўскія казармы ў Горадні былі адным са старэйшых вайсковых гарадкоў у Беларусі і захоўвалі свой арыгінальны выгляд. Асаблівага статусу казармы не мелі, яны былі аднесеныя да шараговай гістарычнай забудовы, што накладала забарону на змену іх фасадаў. Паводле гарадзенскіх уладаў, забудоўнік «Палессежылбуд» мае ўсе адпаведныя дазволы на рэалізацыю праекту і працягне будаваць на месцы казармаў клубныя дамы з гаражом на цокальным паверсе.

«Гэта проста пэўныя карупцыйныя схемы, размытыя рэгламенты аховы спадчыны, шараговай спадчыны. Вось яны не ўнесеныя ў спісы гістарычна-культурнай спадчыны і лягчэй знесці, чым штосьці з гэтым рабіць, клапаціцца пра спадчыну гістарычна-архітэктурную», – лічыць гісторык і мастацтвазнаўца Антон Дзеручэнка.

У адказ на зруйнаванне казармы прадстаўнікі тэлеграм-каналу «Спадчына» звярнуліся ў Міністэрства культуры і пракуратуру Горадні з патрабаваннем спыніць знішчэнне культурных каштоўнасцяў і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасці.

«Ім зручна, калі ўсе маўчаць, але калі вось гэтыя прыходзяць лісты, яны ўсё роўна іх дзяўбуць і ім усё роўна трэба адказваць паводле літары таго закону, што яны самі сабе намалявалі. А калі нязручна, трэба перамалёўваць, а гэта не так проста, гэта не сёння напісалі і заўтра прынялі», – тлумачыць гісторык і мастацтвазнаўца Антон Дзеручэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Сумны прыклад, калі чыноўнікі лёгка падагналі сваё жаданні пад закон, маем у Берасці. Там на тысячагоддзе гораду на загад Лукашэнкі паўстаў будынак тэатру лялек. Дзеля будавання паркінгу чыноўнікі знеслі будынак, які да гэтага вывелі са спісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

«Фактычна аб’ект быў каштоўнасцю, пасля прынялі рашэнне, што ён не каштоўнасць, і знеслі, хаця, паводле закону, Кодэксу аб культуры, яго можна, неабходна было захаваць. Фактычна гэта было парушэнне закону, замаскаванае пад пастанову рады Міністэрства культуры ў ахове гістарычна-культурнай спадчыны», – узгадвае тую гісторыю былы працаўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

На думку Арцёма Брухана чыноўнікі пагаджаюцца на знос гістарычных будынкаў, бо:

«Гэта ж плошчы, дзе можна пабудаваць нешта, што будзе прыносіць даходы ў бюджэт. Вось у іх такое разуменне, а што гэта гістарычна-культурная спадчына, іх меней бянтэжыць. У гарадах гэта звязана з такім чыноўніцкім, як кажуць, гаспадарскім падыходам, вось яны так і падыходзяць».

Адзінаю больш-менш бяспечнаю для беларусаў магчымасцю абараніць гістарычна-культурную спадчыну застаецца напісанне зваротаў у дзяржаўныя органы.

Аліна Скрабунова, «Белсат»