Вакол Каложскае царквы вырасце «залатая» забудова


На платформе «Удобный город» з’явіўся зварот супраць будавання ў Горадні новага мікрараёну недалёка ад Каложскай царквы. Маўляў, вышынная забудова знішчыць гістарычны краявід каля гістарычна-культурнай каштоўнасці. За тыдзень зварот падпісалі восемдзесят дзевяць асобаў, збор подпісаў працягваецца да 19 сакавіка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гарадзенскія ўлады збіраюцца пабудаваць ґмахі паміж праспектам Будаўнікоў і вуліцамі Вясновай ды Каліноўскага. Забудова мае быць рознаўзроўневай – ад 4 да 19 паверхаў.

«Мікрараён “Залаты”, які плануюць узводзіць, з гэтымі дзевятнаццаціпавярховікамі, знаходзіцца крыху на пагорку і над самай Каложай, – адзначыў гісторык ды краязнаўца Мечыслаў Супрон. – То бок, будзе моцна кідацца ў вочы, пра кананічнай панараме на Каложу з боку старога маста».

Спачатку раён хацелі назваць «Вясновым», але пастанавілі: «Залатым». Гарадскі цэнтр, чароўны краявід над Нёмнам, зразумела, робяць жытло дарагім. Да таго ж, зямлі пад шматпавярховыя так званыя «дамы-слупы» патрабуецца менш, таму жыллёвых квадратных метраў можна прадаць больш. Пытанні гістарычнай спадчыны, відавочна, адступаюць на другі план. На дадатковую праблему звярнуў увагу архітэктар Васіль:

«Апроч вялікай колькасці паверхаў, забудова вельмі несучасная, паводле тых рэндэраў, якія я паспеў паглядзець. Гэта нешта з дзевяностых-нулявых гадоў, калі разглядаць якасць архітэктуры, рашэнні фасадаў».

Каложская, яна ж Барысаглебская, царква – славутасць Горадні, найстарэйшы храм і найстаражытнейшы архітэктурны помнік Беларусі. Лічыцца, што яе пабудаваў у дванаццатым стагоддзі Пётр Міланег, заснавальнік гарадзенскай школы дойлідства. Каложа засталася адзіным узорам той школы. У 2004 годзе царкву дадалі да кандыдатаў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Вышынная забудова пагражае далучэнню беларускай святыні да гэтага спісу.

Каложская царква XII стагоддзя ўначы.
Фота: Белсат

«Важным крытэрыем для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО зʼяўляецца некрануты ландшафт архітэктурна-гістарычны, – патлумачыў Мечыслаў Супрон. – Калі практычна над самай Каложай будуць тырчэць дзевятнаццаціпавярховікі, я лічу, што гэты ландшафт будзе груба парушаны».

Шмат спрэчак цяпер вядуць і вакол новай Каложскай званіцы. Арыгінальная была драўляная, з гонтавым дахам, стаяла побач з храмам і да нашых часоў не захавалася. Новую ж плануюць паставіць за межамі царкоўнае тэрыторыі.

На думку Мечыслава Супрона, праект вельмі нагадвае павільён на базары, да таго ж з каванаю абгародкаю, як на могілках. Лепей было б аднавіць барочную званіцу васямнаццатага стагоддзя, як на малюнках Напалеона Орды.

Праблема новабудоўлі ў гістарычных лакацыях – для Беларусі не новая. Недарэчныя гмахі са шкла і бетону ўзнікаюць у розных гарадах краіны і выклікаюць непаразуменне адмыслоўцаў. Архітэктар Васіль знайшоў гэтаму вельмі простае, але прыкрае тлумачэнне:

«У людзей, якія прымаюць пастановы, няма ўспрымання свайго, гістарычнага. Яны не разумеюць каштоўнасці гэтага. Напрыклад, нават той жа “Дом Чыжа” ў цэнтры Менску. Там не забаронена будаваць, добры, прыемны раён. Але чаму б зрабіць, каб ён спалучаўся з Траецкім прадмесцем?»

Тым часам гарадзенская адміністрацыя сабралася сёлета ўсталяваць на плошчы Савецкай шасцідзесяціметровы флагшток. Такую ж вышыню мае катэдра Святога Францішка Ксаверыя.

Марына Яновіч, «Белсат»