«Амкадор»: не замешчаны імпарт


Вызваленыя заходнімі канкурэнтамі нішы на расейскім рынку займае беларускае прадпрыемства «Амкадор» – вытворца сельскагаспадарчай, дарожнай і лесанарыхтоўчай тэхнікі нацыянальнай вытворчасці. Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што ключавыя дэталі ў шэрагу мадэляў – імпартныя, якія ЗША і Еўразвяз забаранілі завозіць на тэрыторыі рэжымаў. Журналісты цвердзяць, што абыход санкцыяў прыносіць звышпрыбыткі ўладальніку «Амкадору» Аляксандру Шакуціну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад кухоннага камбайна да бульдозера. Беларускі холдынг «Амкадор» – гэта шэсць з паловаю тысяч найменняў прадукцыі. Абмінаючы маркетолагаў, Лукашэнка сам прапіхвае тэхніку на расейскі рынак.

«Мы гатовыя пастаўляць поўную лінейку пасажырскага транспарту, калі гэта трэба. Сельскагаспадарчай тэхнікі, прычэпнага, вісячага абсталявання. Гэта датычыць і дарожнай тэхнікі», – рэкламаваў Лукашэнка вытворчыя магутнасці перад губернатарам Ліпецкай вобласці.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў матэрыял, які сапсуе продажы Лукашэнку і ягонаму сябруку з санкцыйнага спісу – Аляксандру Шакуціну, якому належыць «Амкадор». БРЦ знайшоў сведчанні выкарыстання на вытворчасці забароненых санкцыямі імпартных дэталяў. Хоць прадпрыемства выдае канчатковы прадукт за беларускі.

«На пагрузчыку ўсталяваныя айчынныя камплектуючыя. Рухавік вытворчасці Менскага маторнага заводу магутнасцю 81 конская сіла», – урывак з прома-роліку «Амкадору».

Гэтак, дарожную, лесанарыхтоўчую і аграрную тэхніку прэзентуюць на выставах і ў пашпартах на экспарт. «Гэта вялізны ўнёсак у імпартазамяшчэнне – таксама вельмі добра», – каментаваў навінкі «Амкадору» расейскі прэм’ер-міністр.

Вось толькі замяшчэння не адбылося, адзначаюць расследавальнікі, якія знайшлі ў шэрагу мадэляў «Амкадору» ў Расеі дэталі фінскай кампаніі «Kesla», пастаўка якіх забароненая санкцыямі Захаду. Тое самае – унутры зробленай у Беларусі тэхнікі. Якім чынам такое магчыма, запыталіся ў Станіслава Івашкевіча:

«З увядзеннем санкцыяў Шакуцін прыдумаў схему, пры дапамозе якой ён працягвае выкарыстоўваць гэтыя дэталі і атрымлівае звышпрыбыткі ад таго, што легальны спосаб іх дастаўкі спыніўся».

Amkodor, zdj.: amkodor.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амкадор. Крыніца: amkodor.by

Згодна з мытнымі накладнымі за гэты год, якія БРЦ атрымаў праз выданне «Вёрстка», пастаўкі «Kesla» ў Расею ажыццяўляліся праз кампаніі, зарэгістраваныя ў Турцыі, Польшчы, Эстоніі і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Асноўнымі пастаўляльнікамі былі польская кампанія «Білякс», што мае беларускага бенефіцыяра, і эмірацкая «Dakira General Trading Fzc».

«Спробы пад шыльдай імпартазамяшчэння засвойваць грошы, якія на гэта выдаткоўваюцца, а з іншага боку – папросту экспартныя магутнасці загружаць за кошт дэталяў і абсталявання, якія ажыццяўляюцца праз схемы “паралельнага імпарту” і не наўпроставыя дамовы з вытворцамі», – тлумачыць фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Доказаў, што ў «Kesla» ведалі пра закуп прадукцыі кампаніямі-пракладкамі дзеля далейшага перапродажу ў Расею і Беларусь, журналісты не атрымалі. Затое вядома, колькі грошай было засвоена «Амкадорам» пад імпартазамяшчэнне.

У прэмʼера Расеі прасілі льготны крэдыт на 6 мільёнаў расейскіх рублёў. Дадаткова Масква субсідавала лізінг тэхнікі прадпрыемства. А пасля ўваходу «Амкадору» ў свабодную эканамічную зону Петразаводску зменшыцца падатковая нагрузка на вытворцу.

Ільготы і прэферэнцыі бізнесу Шакуціна дае і асабіста Лукашэнка. Летась у межах нацыянальнай праграмы «Кааперацыя і экспарт» бізнес нарасціў экспарт прадукцыі больш чым на восемдзесят адсоткаў.

«Ва ўмовах хуткай змены тэндэнцыяў сучаснага рынку пастаянная мадэрнізацыя серыйнай тэхнікі – абавязковая частка працы спецыялістаў нашага прадпрыемства», – урывак з прома-роліку «Амкадору».

У структуры холдынгу на гэты момант – пяць беларускіх арганізацыяў і чатыры замежныя. Яшчэ пяць прадпрыемстваў будуюць цяпер у Расеі. Замену камплектам, якіх пакуль што замяніць не могуць, усё ж давядзецца шукаць. Пасля расследаванняў, публікаваных БРЦ , выкрытым схемам абыходу санкцыяў зазвычай прыходзіць канец.

Юлія Цяльпук, «Белсат»