«Geely» абнаўляецца. Канкурэнты не спяць


Беларускі вытворца кітайскіх аўтамабіляў «Geely» абнавіў народную марку «Emgrand» і выставіў на продаж па новай цане. У дылерскіх салонах на гэтага чатырохколага самая доўгая чарга. Пры тым, што самога аўта яшчэ няма ў продажы. Некалькі тыдняў таму Лукашэнка загадваў «кроў з носу – забяспечыць патрэбы людзей». Адно не канкрэтызаваў: нашых людзей ці замежнікаў. Экспарт у Расею ўсцяж выглядае прыярытэтным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Белджы» абнавіла папулярны седан С-класу «Geely Emgrand». Кузаў – крыху больш кампактны. Замест варыятару – шасціпрыступкавая каробка перадач. Цана на мадэль базавай зборкі падскочыла на 15 % (Br 57600). На версію «Flagship» – на 17 % (Br 67800). Што з наяўнасцю?

«На “Emgrand” пакуль толькі ёсць цана. Нібыта ў канцы гэтага месяца павінны быць у наяўнасці. Па ўсёй краіне велізарны попыт. Будзем казаць так: гэта самы даступны аўтамабіль. Яго называюць ужо народным аўтамабілем. Таму ў наяўнасці знайсці не рэальна будзе», – распавёў адзін з менеджараў кампаніі «G-Motors».

Чарга – прыкладна месяц на пакупку рэстайлінгаванай версі «Emgrand». На іншыя, менш папулярныя мадэлі – 2-4 месяцы. Лукашэнка напярэдадні наведваў вытворчасць:

– У нас такія чэргі на аўтамабілі, а ў цябе склад забіты.

– Гэта 3 дні адгрузкі. І ў Беларусь 100 машынаў пойдзе . І ў Расею – 200, – адказаў кіраўнік заводу.

На справе – у Расею прадаюць не кожны другі, а два аўтамабілі з трох. Летась з 68 тысячаў аўтамабіляў за ўсходнюю мяжу экспартавалі 52 тысячы аўтаў. Але вялікая частка «Geely» на расейскіх дарогах – кітайскай зборкі. Барысаўскі завод не ў стане забяспечыць аб’ём, патрэбны расейскаму рынку. «Geely» займаюць там чацвёртае месца ў ТОПе продажаў новых машын. У Беларусі, згодна са статыстыкаю Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у студзені 64 % дылерскіх продажаў «закрыла» «Geely». Яшчэ некалькі гадоў таму выбар беларусаў спыняўся на патрыманым «еўрапейцы» ці «японцы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Geely Atlas».
Фота: китайские-автомобили.рф

«У рамонты з аўтамабілям б/у трэба будзе ўкладацца і так далей. Вам танней будзе крэдыт сплочваць», – намаўляе менеджар аддзелу продажаў «G-Motors».

Выгадныя крэдыты і лізінг зрабілі сваё. Але попыт на новыя аўты летась вырас агулам. І працягнуў рост у студзені (1882) – у два з паловаю разу ў параўнанні са студзенем летась (756). Беларуска-кітайскае прадпрыемства хоча захаваць лідарства на ўнутраным рынку. Дадаць у лінейку прадуктаў новы «Coolray» з чатырохцыліндравым рухавіком, абноўленыя «Okavango» і «Atlas Pro».

Павысіць абʼёмы вытворчасці да 80-ці тысяч на год. Леташнія 68 тысяч здаваліся прарывам пасля падзення абʼёмаў у крызісным 22-ім годзе. Але варта памятаць, што на старце будаўніцтва чыноўнікі абяцалі 120 тысяч аўтамабіляў на год. Цяпер просяць яшчэ грошай – на мадэрнізацыю.

«Адзінай прычынай леташняга звышпопыту на “Geely” была ў адсутнасці іншых мадэляў. З рынку сышлі “Volkswagen”, “Škoda”, “Hyundai”, і таму нічога іншага не засталося, як выбіраць паміж “Geely” і “Ладай », – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

А іншыя кітайскія маркі прыходзяць у Беларусь пасля ўмацавання пазіцыяў у Расеі. Напрыклад, «Атлант-М» стаў дыстрыбʼютарам «Chery» у Беларусі, што можа заняць месца «Volkswagen». У беларускага аўтапраму расце канкурэнт – малазійскі аўтамабіль «Proton» – уласнасць кітайскага «Geely», які робіць танней і лепш аўтамабілі-клоны таго ж Атласу, Кулрэю і Эмгранду.

Юлія Цяльпук, «Белсат»