«Geely» ў Расеі стала самай папулярнай замежнай маркай машынаў


Трэці тыдзень запар на аўтамабільным рынку Расеі кітайская марка «Geely» займае першае месца паводле колькасці прададзеных машынаў сярод замежных марак і саступае толькі расейскай «Lada», падлічыла агенцтва «Автостат». Імаверна, значная частка тых «Geely» – беларускай зборкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Geely Atlas Pro».
Фота: Geely-motors.com

Паводле звестак «Автостат», у Расеі за тыдзень 5–11 лютага прадалі агулам 21 875 новых машын, з якіх 6035 былі расейскай маркі «Lada», 2686 – кітайскай маркі «Geely». Яшчэ тры пазіцыі ў топ-5 займаюць кітайскія «Haval» (2610), «Chery» (1944) і «Changan» (1151). Іншых марак за тыдзень прадалі менш за тысячу машынаў.

У 2023 годзе «Geely», па звестках таго ж «Автостат», была на 4-м месцы па продажах у Расеі – саступала маркам «Lada», «Chery» і «Haval». Кітайскія маркі ў Расеі выйшлі на першыя пазіцыі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і звязаным з гэтым санкцыяў: да таго следам за «Lada» ішлі «Kia», «Hyundai» і «Renault».

Паходжанне «Geely» на расейскім рынку ў статыстыцы не пазначана, але імаверна, як мінімум значная частка машынаў сабраныя ў Беларусі: з 2023 год кампанія «БелДжы» паставіла ў Расею каля 52 тысяч машынаў «Geely», агулам вырабіўшы 68 тысяч машынаў (у 2022 годзе агулам вырабілі менш за 25 тысяч).

«Geely» захоўвае першае месца паводле продажаў у Беларусі. Так, па звестках «Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі», за студзень 2024 года ў Беларусі прадалі 1882 новых машынаў, з якіх 1203 былі маркі «Geely», а за снежань-2023 агулам прадалі 3480 машынаў, з якіх «Geely» было 2076. І да таго «Geely» працяглы час дамінавала на беларускім аўтарынку.

Агулам па свеце холдынг «Geely» вырабіў за 2023 год 2,79 млн машынаў, з іх менавіта пад маркай «Geely» – 1,68 млн. Холдынг валодае таксама іншымі маркамі, у тым ліку шведскай «Volvo», якіх за год вырабілі толькі 708 тысяч.

Агляд
Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?
2023.10.01 09:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў