Больш за 3000 беларусаў вышукваюцца ў Расеі


Тры тысячы беларусаў, сярод якіх ваяры палка Каліноўскага, журналісты, палітыкі, удзельнікі пратэстаў і нават святар – ксёндз Вячаслаў Барок. Журналісты паглядзелі базу вышуку расейскага Міністэрства ўнутраных справаў. У спіс таксама трапілі нашыя суайчыннікі, якіх абвінавачваюць у дыверсіях і тэрарызме на тэрыторыі Расеі. Як беларусы пагражаюць Маскве?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за 95 тысяч чалавек у крымінальным вышуку МУС Расеі. Журналісты выдання «Медиазона» атрымалі доступ да базы паліцыі з усімі звесткамі на людзей. У спісе больш за 3000 беларусаў – журналістаў, актывістаў ды палітычных апанентаў Лукашэнкі.

У іх ліку і галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

«Гэта стварае пагрозу найперш у міжнародным вышуку. Расея можа падаваць дадзеныя і па базе Interpol, і па міждзяржаўным вышуку, куды ўваходзяць шэраг краінаў былога Савецкага саюзу і СДН».

62 беларусы з шэрагаў дабраахвотнікаў, што ваююць на баку Украіны. У асноўным прадстаўнікі палка Каліноўскага.

«Можа быць, будуць пэўныя праблемы пры перасячэнні мяжы, калі хтосьці з нас будзе ў базе Расеі і ў базе Interpol. Але ў кожнага з нас розныя дакументы. У нас шмат хлопцаў, якія наогул знаходзяцца ў статусе палітычных уцекачоў, і на іх гэтыя запыты не дзейнічаюць», – зазначае намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

У базу вышуку МУС Расеі стала дадаюць беларусаў, якіх падазраюць у тэрактах і дыверсіях. ФСБ рэгулярна паведамляе аб затрыманнях так званых дыверсантаў з ліку беларусаў. Сёння пракрамлёўскія медыя распаўсюдзілі відэа з Ленінградскай вобласці. На кадрах мужчына, якога называюць замежнікам, прызнаецца ў намеры пашкодзіць трубаправод праз падрыў газаразмеркавальнай станцыі.

Затрыманне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне.
Фота: Ohrana.gov.by

Напярэдадні ФСБ паведаміла аб затрыманні дваццаціпяцігадовага беларуса. Яго абвінавачваюць у дачыненні да падпалу 6 лютага ў Туле цягавай электрападстанцыі. Паводле крымінальнага артыкулу «Дыверсія» беларусу пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Нярэдка затрыманым прыпісваюць супрацу са Збройнымі сіламі Украіны.

«Дзеянні беларускіх партызанаў на чыгуначных лініях, у лагістыцы, на аўтадарогах і іншых лагістычных цэнтрах вельмі балюча ўдарылі па сістэме забеспячэння нашага праціўніка», – зазначае маёр Збройных сілаў Украіны Тарас Беразавец.

У снежні ФСБ затрымала Сяргея Ерамеева – беларуса, якога абвінавачваюць у тэракце. Ён прызнаўся ў правядзенні дыверсіі ў тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі на прапанову знаёмага.

Цяпер мужчыну пагражае да 20 гадоў паводле справы аб тэракце. Колькі ўсяго такіх справаў – невядома. Аднак Тарас Беразавец зазначае, што ў большасці выпадкаў затрыманыя – звычайныя грамадзяне. Ніякага дачынення да ЗСУ ці арганізаванага супраціву яны не маюць.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»