«Медиазона» спампавала базу вышуку МУС Расеі. У пераліку – амаль 3 тысячы беларусаў


Выданне «Медиазона» спампавала і вывучыла базу асобаў, якіх Міністэрства ўнутраных справаў Расеі абвесціла ў вышук. У пераліку – заходнія чыноўнікі і палітыкі, украінскія вайскоўцы і замежнікі-ваяры, што ваююць за Украіну. 2901 асоба ў базе – беларусы.

Сілавікі на Манежнай плошчы ў Маскве, Расея. 2 лютага 2021 года.
Фота: Міця Кажурын / Вот Так / Белсат

У гэтую базу залучаюць асобаў, якія зніклі без звестак або «схаваліся ад правасуддзя».

«Медиазона» стварыла сервіс, што дазваляе знаходзіць у рэестры людзей паводле прозвішча. Выданне пры гэтым адзначае: адсутнасць у базе не гарантуе, што крымінальная справа супраць канкрэтнай асобы не заведзеная.

У пераліку – 2901 беларус. Мінімум 62 з іх – у вышуку за «найміцтва». Гаворка пра добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну: каліноўцы Дзяніс Прохараў, Вадзім Кабанчук, Ян Мельнікаў, Дзяніс Урбановіч. Зрэшты, у базе дагэтуль ёсць Сяргей Дзёгцеў і Ян Дзюрбейка, якія трапілі ў расейскі палон яшчэ пазалетась, і загінулыя летась Эдуард Лобаў і Павел Горбач.

Акрамя таго, у расейскім вышуку – блогер Сяргей Бяспалаў, кіраўнік «Nexta» Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік з Каардынацыйнай рады, журналісты Яўген Валошын, Ганна Любакова, Алена Шабуня, рэдактар orsha.eu Ігар Казмярчак, палітолаг Кацярына Шмаціна.

У базе ёсць галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў, дырэктар «Malanka.Media» Павал Марыніч, вядоўца Кацярына Ерусалімская, кіраўніца «Media-Polesye» Святлана Гарда.

Таксама ў вышуку МУС Расеі – дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і Франак Вячорка; Валер Сахашчык і Вольга Гарбунова з Аб’яднанага пераходнага кабінету; Уладзімер Астапенка з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення; праваабаронцы «Вясны» Наталля Сацункевіч, Леанід Судаленка і Марыя Тарасенка.

У базу залучаны таксама беларускі грамадзянін Андрэй Бурым – блогер Mellstroy. На радзіме на яго завялі справу за ўхіленне ад службы ў войску, і расейскі МУС далучыўся да вышуку, каб экстрадаваць маладзёна ў Беларусь. Паводле звестак пракрамлёўскага тэлеграм-каналу SHOT, ён цяпер у Дубаі.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў