Што застанецца ад беларуска-ўкраінскіх стасункаў?


Дачыненні афіцыйнага Менску і Кіева працягваюць пагаршацца. На гэты раз беларускі бок выйшаў з двухбаковага пагаднення аб ахове культурнай спадчыны. Вядома, падчас вайны ва Украіне – гэта не самае страшнае здарэнне, але яно пацвярджае тэндэнцыю – хутка паміж нашымі дзяржавамі не застанецца ўвогуле ніякай супрацы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь скасавала пагадненне аб ахове культурнай спадчыны з Украінай. Адпаведная пастанова з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, а паінфармаваць украінскі бок мусіць беларускае Міністэрства замежных справаў.

«Фактычна, я думаю, што сурʼёзнага ўзаемадзеяння ў гэтай дамове не адбывалася. Але вось для таго, каб пазбавіцца нейкіх абавязкаў узгадняць перайменаванне вуліцаў, я думаю, гэтага дзеля таго дастаткова», – кажа палітолаг Анатоль Котаў.

Пагадненне аб ахове культурнай спадчыны было падпісанае паміж Беларуссю і Украінай у 2010 годзе ў Менску. І галоўным дасягненнем гэтай дамовы, лічыць экспертка ў ахове культурнай спадчыны Ала, была экспертная супраца і супольныя намінацыі ў спісы нематэрыяльна-культурнай спадчыны ЮНЭСКО:

«Цяпер гэта ніяк не адаб’ецца на сітуацыі, але ў далейшым нам варта было б аднавіць гэтае пагадненне, бо ў нас з Украінай шмат агульнага ў галіне як нематэрыяльнай, так і матэрыяльнай культурнай спадчыны».

Зрэшты, гэта не адзінае пагадненне, скасаванае між краінамі. Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой Лукашэнка бярэ апасродкаваны ўдзел, Украіна выйшла або спыніла дзеянне больш як трыццаці міжнародных пагадненняў і ўгодаў з Беларуссю.

«Украіна паслядоўна скасоўвае ўсе дамовы аб супрацы ў вайсковай ці блізкай да яе галіне: абмен сакрэтнай інфармацыяй і дакументы перадусім аб вайсковай супрацы ці ўзаемадзеянне ў праваахоўнай тэматыцы», – кажа палітолаг Анатоль Котаў.

На думку Анатоля Котава, на жыцці звычайных грамадзянаў гэта ніяк не адабʼецца. Пакуль што паміж Беларуссю і Украінай застаецца яшчэ каля ста пагадненняў. Неўзабавае ўкраінскі бок можа скасаваць і іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Украіны і Беларусі.
Фота: finland.mfa.gov.ua

«Ідзе вайна і рэжым Лукашэнкі, які цяпер кіруе Беларуссю, – ён на баку нашага ворага. Так, Беларусь не вядзе прамой вайны супраць Украіны, але рэжым Лукашэнкі адкрыта падтрымоўвае Пуціна ў гэтым, і для ўкраінцаў ён – саўдзельнік», – тлумачыць

кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пэнта» Уладзімір Фясенка.

Адзінае, чаго Украіна спыняць пакуль не будзе, – дыпламатычных зносінаў. Гэтак, амбасада краіны хоць і засталася без афіцыйнага прадстаўніка, але працягвае працу ў Менску.

«Для нас з першых дзён вайны і цяпер вельмі важна, каб Беларусь не ўступіла ў адкрытую вайну супраць Украіны. Каб з тэрыторыі Беларусі не быў адкрыты другі фронт супраць Украіны. І каб гэтага не дапусціць, улады Украіны захоўваюць пэўныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі», – кажа Уладзімір Фясенка.

Да таго ж украінская амбасада працягвае дапамагаць тысячам сваіх грамадзянаў, якія жывуць ці часова застаюцца на тэрыторыі Беларусі. І зусім адваротная сітуацыя з нашым прадстаўніцтвам у Кіеве: ад самага пачатку вайны беларуская дыпламатычная пляцоўка апусцела і не функцыянуе.

Аліна Скрабунова, «Белсат»