Голас Беларусі гучыць у Швецыі


Каманда Святланы Ціханоўскай актывізавала замежнапалітычную дзейнасць. Ва ўплывовым міжнародным часопісе «POLITICO» з’явіўся артыкул аўтарства Ціханоўскай пра тое, што ўсе саўдзельнікі злачынстваў Лукашэнкі рана ці позна панясуць адказнасць, пачынаючы ад «эскадронаў смерці». І гэта адразу пасля артыкулу Ціханоўскай для найбуйнейшай шведскай газеты «Dagens Nyheter».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Публікацыя зʼявілася падчас двухдзённага працоўнага візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Стакгольм і перамоваў з кіраўніцтвам Швецыі аб канкрэтнай дапамозе беларусам.

Прэмʼер-міністр Швецыі Ульф Крыстэшан прыняў у сваім офісе беларускую дэлегацыю на чале са Святланай Ціханоўскай. Сярод шэрагу тэмаў яна распавяла пра тое, як беларусы замежжа пацярпелі ад новага ўказу Лукашэнкі, які фактычна спыняе консульскія паслугі беларускіх амбасадаў.

«Кепская сітуацыя з палітычным прытулкам для беларусаў у Швецыі, няма адпаведніка праязным дакументам, які ёсць у Польшчы. Ёсць і іншыя праблемы. І гэта, на жаль, не гледзячы на спробы Ціханоўскай, якая агучвае гэтыя просьбы і прапановы шведскаму ўраду», – распавядае дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік.

Кіраўнік ураду паабяцаў, што Швецыя працягне падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Гаворка пра сродкі на незалежныя медыі, падтрымку культурных дзеячаў, аб праграмах рэабілітацыі пацярпелых.

«Швецыя агулам мае вялікую традыцыю падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта па сутнасці другая краіна па велічыні гэтай падтрымкі, калі не лічыць Еўразвяз наогул», – распавёў «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

На сустрэчы з міністрам абароны Полем Ёнсанам гаворка ўжо ішла пра знаходжанне ў Беларусі вагнэраўцаў і ядравай зброі. Абмеркавалі і вайскова-палітычную супрацу між Абʼяднаным пераходным кабінетам і Стакгольмам. Святлана Ціханоўская папрасіла міністра абароны Швецыі дапамагчы беларускім добраахвотнікам, у тым ліку Каліноўцам, з вайсковым абсталяваннем, экіпіроўкай, зімовай формай.

Святлана Ціханоўская. 9 жніўня 2023 года, Вільня.
Фота: Гітанас Наўседа/Twitter

«Наконт цёплых рэчаў і каліноўцаў будзем на сувязі з Міністэрствам абароны [Швецыі], але агулам мы пабачылі зацікаўленасць у гэтым пытанні. Маем добрыя прыклады Нямеччыны, якая ўжо дапамагае практычна ў гэтым кірунку», – тлумачыць Дзяніс Кучынскі.

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам шведскага парламенту. З міністрамі замежных справаў і гандлю абраная прэзідэнтка Беларусі выступіла на мітынгу ў Стакгольме, і падкрэсліла, што беларусы, як і ўкраінцы, выбралі еўрапейскі шлях жыцця.

У Стакгольме Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Анны Лінд, прысвечаную барацьбе супраць несправядлівасці. І адразу прысвяціла яе ўсім беларусам, якія цяпер у сваёй роднай краіне змагаюцца супраць дыктатуры.

«Гэта было мерапрыемства, дзе былі практычна ўсе шведскія палітыкі, высокі палітычны клас», – распавядае Леся Руднік, якая прысутнічала на цырымоніі.

Ужо сёння каманда Ціханоўскай паляцела ў французскі Страсбур, дзе абраная прэзідэнтка Беларусі выступіць у Еўрапарламенце адразу пасля старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен. 700 еўрадэпутатаў пачуюць асноўны тэзіс Ціханоўскай: «трэба ўмацоўваць сувязь беларусаў з Еўропай».

«Нам патрэбная агульная і дзейсная стратэгія, якая будзе ізаляваць рэжым, а не людзей. Дапамога палітвязням, рэпрэсаваным і ўцекачам павінная быць прыярытэтам», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі напярэдадні паседжання Еўрапарламенту.

Якраз заўтра Еўрапейскі парламент мусіць прыняць рэзалюцыю ў стасунках з Беларуссю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»