Заўтра Святлана Ціханоўская выступіць у Еўрапарламенце: Каб быў пачуты голас кожнага беларуса


13 верасня дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская выступіць з прамовай у Еўрапарламенце, дзе будзе праходзіць разгляд дакладу аб Беларусі.

Святлана Ціханоўская.
Фота: скрыншот з відэа ў тэлеграм-канале «Светлана Тихановская»

У сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская адзначыла, што два гады таму ў зале Еўрапарламенту яна казала аб тым, што «калі не спыніць дыктатуру цяпер, яна стане пагрозай для ўсёй Еўропы. Так і адбылося».

«Лукашэнка развязаў тэрор, уцягнуў нашую краіну ў вайну і распачаў ядзерны шантаж. 9 мільёнаў беларусаў узятыя ў закладнікі. Нашая незалежнасць сёння пад пагрозай, але мы не можам дазволіць Расеі забраць Беларусь», – кажа Ціханоўская.

Дэмакратычная лідарка звярнула ўвагу на тое, што зараз патрэбна агульная і дзейсная стратэгія, якая будзе ізаляваць рэжым, а не людзей. На яе думку, дапамога палітвязням, рэпрэсаваным і ўцекачам павінна быць прыярытэтам, а падтрымка пашпарту новай Беларусі дазволіць дзясяткам тысяч захаваць легальны статус.

«Трэба ўмацоўваць сувязь беларусаў з Еўропай, – падкрэсліла Ціханоўская. – Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна ў злачыннай вайне супраць Украіны».

«Я зраблю ўсё магчымае, каб голас кожнага беларуса пачулі ў Еўрапарламенце», – кажа Ціханоўская.

Даклад аб Беларусі будзе прадстаўлены дэпутатам Еўрапарламента ад Літоўскай Рэспублікі Пятрасам Аўштравічусам. 13 жніўня павінны прайсці дэбаты і галасаванне па прадстаўленым дакуменце.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў