Святлане Ціханоўскай уручаць прэмію за адвагу ў барацьбе з абыякавасцю і прыгнётам


Сёння, 11 верасня, Святлане Ціханоўскай уручаць Прэмію памяці Анны Лінд. Імпрэза мае адбыцца ў Стакгольме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ўжо прыбыла ў шведскую сталіцу і разам з былою прэм’ер-міністаркаю Швецыі Магдаленаю Андэшан усклала кветкі на магілу Анны Лінд.

Штогадовую прэмію традыцыйна прысуджаюць за «адвагу ў барацьбу з абыякавасцю, упярэджанасцю, прыгнётам і несправядлівасцю, за добрае жыццё для ўсіх людзей у навакольным асяроддзі, павагу да правоў чалавека».

Пра тое, што Святлана Ціханоўская сталася лаўрэаткаю гэтай прэміі, абвесцілі 9 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю.

«Святлана Ціханоўская ўзяла на сябе непараўнальную адказнасць, калі, рызыкуючы ўласнаю бяспекаю, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе ўзначаліла народныя пратэсты за дэмакратыю пасля таго, як ейнага мужа пасадзілі за краты. З таго часу яна нястомна працягвае барацьбу. Святлана Ціханоўская – сімвал свабоднай і дэмакратычнай Беларусі», – адзначыла Лена Ельм-Вален, старшыня Мемарыяльнага фонду Анны Лінд.

Анна Лінд – міністарка замежных справаў Швецыі ў 1998–2003 гадах. Прэмію ўручаюць у гадавіну ейнай смерці. У 2003 годзе на міністарку здзейснілі замах: у стакгольмскім супермаркеце невядомы некалькі разоў ударыў Анну Лінд нажом, пасля чаго ўцёк. Наступнага дня Анна Лінд памерла ад раненняў у лякарні.

Адзначым, што сёння, 11 верасня, у Святланы Ціханоўскай дзень нараджэння.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў