Беларусаў назвалі бяднейшымі за суседзяў паводле індэксу «чаркі і шкваркі»


Колькі чарак і скварак могуць купіць на сярэднюю зарплату беларусы і іхныя найбліжэйшыя суседзі – вынікі гэткага даследавання апублікаваў праект «Кошт Ураду». Высветлілася, што паводле гэтага паказніку, беларусы бяднейшыя нават за расейцаў. Чаму так адбываецца? Наколькі праўдзівая афіцыйная статыстыка што да росту коштаў у Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларус на сярэднюю зарплату можа дазволіць сабе меней чарак і скварак, чым суседзі. Да такой высновы прыйшлі эксперты праекту «Кошт ураду». Крытэр ацэнкі беларускага дабрабыту гучыць смешна, але адлюстроўвае сітуацыю ў эканоміцы.

«Прыведзеныя ў даследаванні разлікі яшчэ раз паказваюць, што камандна-адміністрацыйная эканоміка не можа быць эфектыўнай, а эканоміка Лукашэнкі ўвесь час ідзе ад дэвальвацыі да дэвальвацыі ды прапаноўвае беларусам так званыя “папяцьсот”», – кажа старэйшы навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Чарку і скварку выбралі не дзеля смеху: мяса і гарэлка – айчынныя прадукты. Іх кошт у розных краінах зручна параўноўваць. Беларус за сто грамаў гарэлкі ды гэтулькі ж свініны без косці аддасць меней, чым суседзі. Але і сярэдні заробак у першым квартале ў Беларусі быў меншы нават за расейскі. Найвышэйшы аказаўся ў Літве. Ды паводле пакупніцкай здольнасці ў лідарах Польшча: на сярэдні польскі заробак можна купіць больш за тысячу чарка-скваркавых набораў. Удвая болей, чым на беларускі.

«Краіны Еўразвязу адарваліся вельмі істотна ад Беларусі і Расеі. Беларусь неяк недзе целяпаецца. А Расея здэградавала ў бок Беларусі», – кажа кіраўнік праекту «Кошт Ураду» Уладзімір Кавалкін.

Акрамя чаркі-скваркі, ёсць аб’ектыўныя эканамічныя паказнікі, кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Па-першае, ВУП на душу насельніцтва з улікам пакупніцкай здольнасці. Ва ўсходніх краінах Еўразвязу гэтая лічба вышэйшая за беларускую.

«Па-другое, гэта тая частка даходаў, якую грамадзяне выдаткоўваюць на ежу. У Беларусі гэта 40 % ад заробкаў, а ў пералічаных мною краінах – 20 %», – тлумачыць Аляксандр Кныровіч.

Улады намагаюцца калі не падвысіць дабрабыт беларусаў, то хаця б не даць яму надта ўпасці. Ручное рэгуляванне нібыта дзейнічае. Гэтак, у чэрвені індэкс спажывецкіх цэнаў у параўнанні з траўнем вырас нязначна – вынікае са статыстыкі Белстату. Харчы падаражэлі на 0,2 %, паслугі – на 0,9 %. Цэны на нехарчовыя тавары за месяц не выраслі. Дзяржаўная статыстыка маніпулюе лічбамі, мяркуе старэйшы навуковы працаўнік Алег Мазоль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадавец паказвае пакупніцы мяса на Камароўскім рынку.
Фота: Белсат

«У постсавецкіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, каб насельніцтва не бачыла рэальнага росту цэнаў, статыстычныя органы імкнуцца напоўніць спажывецкі кошык максімальна таннымі таварамі. З цэнамі, схільнымі да мінімальнага росту. І такім чынам намаляваць нізкі ўзровень росту цэнаў», – кажа Алег Мазоль.

Цікава зірнуць на змест спажывецкага кошыка, на падставе якога вызначаецца індэкс спажывецкіх цэнаў або індэкс інфляцыі. Чыноўнікі зыходзяць з разлікаў, што дарослая асоба носіць, напрыклад, адну зімовую куртку цягам чатырох гадоў. І чатыры пары майткоў цягам года. Жанчыны нібы могуць абысціся сямю парамі калготак на год і трыма станікамі на тры гады. Зубных шчотак на год адшкадавалі ажно восем штук.

«Я вельмі жадаў бы паглядзець на гэтага чыноўніка беларускага, які лічыць, што гэтыя нормы спажывання адэкватныя. Я вельмі жадаў бы паглядзець на чалавека, які будзе хадзіць у адной зімовай куртцы чатыры або тры гады. І гэта здзек», – кажа Аляксандр Кныровіч.

«Рэжыму Лукашэнкі гэта выгадна, бо такім чынам досыць лёгка кантраляваць людзей. Беларус, які страчвае працу, губляе нават той мізэрны заробак і апынаецца ў сітуацыі глыбокай беднасці», – мяркуе Уладзімір Кавалкін.

Стрыманне цэнаў працуе, падобна, не так эфектыўна, як хацелася б уладам. Некаторыя сезонныя харчы, паводле Белстату, у чэрвені параўнальна з траўнем патаннелі. Але падаражэла базавая гародніна. Морква – амаль на палову, капуста і бульба – больш як на траціну. Рост цэнаў на мяса склаў меней за паўадсотка. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы.

Валянцін Васіленка, «Белстат»