Стартаваў прыём у першыя класы: ці ўсім дзецям хопіць месца?


У школах пачалі прымаць дакументы ў першыя класы. Залічэнне паводле месца жыхарства працягнецца да 15-га жніўня. Пасля можна будзе падаць дакументы ва ўстановы адукацыі ў іншых мікрараёнах. Ці ўсім дзецям хопіць месца ў школах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Найбольшы ажыятаж выклікала прыёмная кампанія ў сярэднюю школу нумар 1 – вядомую як «Школа будучыні» ў раёне Новая Баравая. Там велізарная чарга з бацькоў першакласнікаў пачала фармавацца яшчэ 3 дні таму.

«Гэта сведчанне існага ўжо вельмі даўно дысбалансу паміж патрабаваннямі з боку бацькоў на якаснае навучанне і прапановай, якая сыходзіць ад дзяржаўнай сістэмы адукацыі. У цэлым у сістэме адукацыі ідзе падзенне якасці адукацыі, і таму выбар для бацькоў якаснай адукацыі рэзка звужаны», – кажа сябра працоўнай групы ў справе адукацыі Каардынацыйнай рады Святлана Мацкевіч.

Сёлета на першыя класы ў «Школе будучыні» вылучылі квоту – 150 месцаў, а на групу падоўжанага дня – 80 месцаў. Бацькі, занепакоеныя лёсам сваіх дзяцей, гэтак пракаментавалі сітуацыю журналістам:

«Было і начное дзяжурства. Асабіста я гатовая адстаяць і ноч, абы запісацца ў гэтую школу. У мяне там вучыцца старэйшае дзіця, хачу, каб малодшы таксама ў яе трапіў. У цэлым атмасфера тут прыязная, усе адно аднаго падтрымліваюць».

«Наогул лепш тут пасядзець пару содняў, чым потым вазіць дзіця ў сталічную школу».

«Мы нікому не перашкаджаем, усе ўжо пазнаёміліся і нядрэнна бавім час».

Чарга перад школай у Новай Баравой ранкам першага дня падачы дакументаў на залічэнне ў першы клас. Копішча, Беларусь. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Minskij_rajonLIVE / Telegram

«Школа будучыні» – дзяржаўная ўстанова адукацыі, пабудаваная ў 2020-ым годзе. Там ёсць тэрасы, празрыстыя класы, антыстрэс-зоны, басейн, стадыён і тэнісны корт. Школа разлічаная на 1200 дзяцей, перадусім жыхароў вёскі Копішча і мікрараёну Новая Баравая.

«Трапіце, калі хочаце, з 8:00 ідзе прыёмная кампанія, там будзе паводле жывой чаргі. Проста сэнс. Як вы тут арганізаваліся, нам цікава: як вы арганізаваліся?» – не магла супакоіцца прадстаўніца ўпраўлення ў адукацыі Менскага райвыканкаму Наталля Міхадзюк, якая напярэдадні прыехала да бацькоў.

Паводле чыноўніц, квота месцаў можа змяніцца ў залежнасці ад колькасці пададзеных заяваў, але, цытата, «нельга забываць і пра матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы школы». У прыёмнай таксама нічога не абяцаюць:

«Гэта я не магу вам нічога каментаваць на гэты конт, гэта ўсё – у прыёмнай камісіі. Вы прыходзіце туды і там пішаце заяву, і прыёмная камісія сама вырашае».

Паводле былой настаўніцы Ганны Саламонавай, праблема з нястачаю месцаў у школах у новых мікрараёнах была заўсёды. І ў бацькоў, якім бракавала месца, застаюцца два варыянты: або вазіць дзяцей у школу не паводле прапіскі, або пісаць звароты, каб павялічылі колькасць месцаў у першых класах.

«Але адказ адзін: няма фінансавання. Але што з гэтым рабіць бацькам? Гэтая праблема невырашальная для іх, гэта павінна вырашаць Міністэрства адукацыі – трусіць гэтыя фінансы», – тлумачыць рэпетытарка Ганна Саламонава.

Паводле яе, іншая прычына нястачы месцаў у школах – закрыццё прыватных навучальных установаў:

«Штосьці мне падаецца, што ў верасні яны не адчыняцца: бо быў загад не адчыняць, а пазакрываць усе школы. Гэта такое пытанне, якое хвалюе бацькоў: я запішуся, а ў верасні мне скажуць, што школа не адкрываецца».

Для паступлення ў першы клас бацькі мусяць падрыхтаваць заяву на імя дырэктара школы, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і даведку пра ягоны стан здароўя. Залічэнне дзяцей у першыя класы працягнецца да 31-га жніўня.

Аліна Скрабунова, «Белсат»