Беларускім таварам адкрылі шырокі шлях у гандлёвыя цэнтры


Айчынныя вытворцы атрымаюць прэферэнцыі пры арандаванні пляцовак у буйных гандлёвых цэнтрах сталіцы. Менгарвыканкам, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і шэраг арэндадаўцаў падпісалі адпаведную дамоўленасць. Мінімальная зніжка на арэнду плошчы – 15 %. А для тых, «хто плаціць стаміўся», канікулы – нават да трох месяцаў. Ці дапаможа такая мадэль не вельмі «набывальным» айчынным брэндам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларуская мода і стыль – з адзеннем «Калінка», «Элема», «Nelva», «Бугалюкс». Бялізнаю «Світанак», «Марк Фармэль», «Мілавіца»… Абуткам «Марка» і «Белвест». Гэта частка паспяховых айчынных брэндаў, мадэлі якіх карыстаюцца попытам.

Апроч як ва ўласных крамах, некаторыя прадстаўленыя ў буйных гандлёвых цэнтрах. У 65-ці менскіх ГЦ яны атрымаюць ільготныя ўмовы.

«Уласнікі гандлёвых аб’ектаў на тэрыторыі Менску падтрымалі нашую ініцыятыву даць не менш за 15 % зніжкі беларускім вытворцам. Гаворка таксама пра арэндавыя вакацыі да трох месяцаў. (…) Бо ў першыя месяцы пры адкрыцці гандлёвага абʼекту ў вытворцы ўзнікае шмат выдаткаў», – заявіла намесніца старшыні Менгарвыканкаму Надзея Лазарэвіч.

Істотная дэталь, што ідэя дапамагчы айчынным вытворцам у рэалізацыі тавараў належыць Менгарвыканкаму і Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якія мелі адпаведную задачу ад Лукашэнкі. Дамова з бізнесам прадстаўленая як сацыяльная адказнасць з боку гандлёвых цэнтраў.

«Гандлёвыя сеткі – камерцыйныя юрыдычныя асобы, якія думаюць пра свае даходы, прыбыткі. І тое, што гэта ініцыявана з боку дзяржавы, кажа пра тое, што тут задзеялі адміністратыўны рычаг».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk».
Фота: Reform.by

Тым не менш падтрыманне істотнае і крок – выгадны для абодвух бакоў, лічыць фэшн-журналістка Кацярына Гардзеева:

«Ён зроблены каб падтрымаць гандлёвыя цэнтры, якія паміраюць, запоўніць плошчы, якія цяпер, на жаль, пустуюць. Увогуле, гандлёвыя цэнтры – не зусім выгаднае для брэндаў размяшчэнне. У цэлым гэта плошчы, якія прастойваюць пры дарагім арэндаванні. Калі гэтая дамова будзе працаваць правільна, яна зможа дапамагчы бізнесу», – кажа Кацярына Гардзеева.

Чыноўнікам хацелася б, каб палову тавараў у буйных гандлёвых кропках займалі беларускія. Але і яны адзначаюць, што дзеля паспяховасці вытворцам трэба прывесці пакупніка ў сваю краму. Кацярына Гардзеева зазначае, што пакуль не вядома, хто апроч ужо прысутных у ГЦ – «Галантэі», «Элемы», «Світанку» – будзе карыстацца прэферэнцыямі.

«Калі маюцца на ўвазе беларускія прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам», то там мы можам абмежавацца пальцамі адной рукі і пералічыць гэтыя брэнды. Калі мы пойдзем шырэй і будзем казаць, што беларуская вытворчасць – гэта і прыватныя маленькія брэнды, – тады спіс можа налічваць сотні, таму што ў нас ёсць сапраўды файныя дызайнеры».

Дызайнеры, крамы якіх стваралі б канкурэнцыю крамам прадпрыемстваў «Беллегпраму»… Вось толькі ці пагодзяцца на такое дзяржвы-творцы?

«Шэраг брэндаў беларускіх, не будзем называць канкрэтна, маюць недастатковую канкурэнтаздольнасць. Не толькі паводле выгляду і якасці сваёй прадукцыі, але і паводле абраных мадэляў вядзення бізнесу», – лічыць Настасся Лузгіна.

Спіс гандлёвых цэнтраў – даўгі. Засталося дачакацца спісу бізнесаў, якім прапануюць напоўніць гэтыя гандлёвыя плошчы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»