Адбылася 96-я цырымонія ўручэння кінапрэміі «Оскар»


Гэтай ноччу ў Лос-Анджэлесе ўручылі прызы Амерыканскай кінаакадэміі. Адную з узнагародаў атрымаў украінскі рэжысёр, Мсціслаў Чарноў. У жніўні 2020-га ён працаваў як журналіст-відэаператар агенцтва «Associated Press» падчас пратэстаў у Беларусі. І менавіта ён зняў у Менску забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Тое відэа сталася доказам таго, што ўдзельнік мірных пратэстаў быў бяззбройным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

І вось цяпер дзякуючы рэжысёру Мсціславу Чарнову свой першы «Оскар» у гісторыі атрымала Украіна. Залатою статуэткаю адзначаны фільм «20 дзён у Марыупалі» у намінацыі «дакументальнае кіно». У традыцыйнай лаўрэацкай прамове Мсціслаў Чарноў прызнаўся, што хацеў бы не здымаць гэтага фільму:

«Я хацеў бы памяняць узнагароду на тое, каб Расея ніколі не нападала на Украіну, ніколі не акупавала нашых гарадоў».

Зала вітала гэтыя словы апладысментамі.

«Цалкам натуральна, што гэты фільм атрымаў узнагароду, – адзначыў кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі. – У яго сіла не толькі мастацкіх якасцяў. Гэта яшчэ і дакумент злачынстваў расейскага войску і Крамля на тэрыторыі Украіны».

Трыумфатарам сярод мастацкіх фільмаў сёлета стаўся «Опэнгаймэр». Ён узяў ажно 7 узнагародаў. У тым ліку, найлепшымі названыя рэжысёр гэтай стужкі Крыстафэр Ноўлан, выканаўца галоўнай ролі Кільян Мэрфі, а таксама Робэрт Даўні-малодшы – за ролю другога плану.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіша прэміі «Оскар».
Фота: aframe.oscars.org

Тарас Тарналіцкі цалкам разумее выбар оскараўскага журы:

«Пры тым, што ў фільму досыць кансерватыўная форма, гэта цалкам актуальнае кіно. Таму што яно распавядае пра сучаснасць, фактычна пра сучасную геапалітыку. То бок, фільм Крыстафэра Ноўлана – гэта пралог да рэчаіснасці другой паловы дваццатага стагоддзя».

Найлепшаю актрысаю прызналі Эму Стоўн за фільм «Небаракі» рэжысёра Гёргаса Лянтымаса.

Карціна «Хлопчык і птушка» японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі перамагла ў намінацыі поўнаметражнага анімацыйнага кіно.

На сёлетняй цырымоніі «Оскар» паказалі фрагмент біяграфічнага дакументальнага фільму «Навальны», што атрымаў запаветную статуэтку летась. Амерыканская кінаакадэмія не вядзе трансляцыі такой імпрэзы на Расею. Аднак гледачы змаглі пабачыць яе на пірацкіх трансляцыях парталу RUTUBE. Праўда, не цалкам – без Навальнага і без трыумфу стужкі «20 дзён у Марыупалі».

Расейскі і латвійскі рэжысёр Віталій Манскі не стрымлівае абурэння.

«Яны ўсё адно крадуць, ім усё адно цікава, яны хочуць сваю капейчыну зарабіць на гэтай справе. І яны, крадучы, займаюцца гэтай подласцю, выразаюць “Навальнага”. Няўжо кавалак хлеба з маслам, які яны там атрымліваюць, даражэй ім за сумленне?!»

Апошні раз ад Расеі на разгляд Амерыканскай кінаакадэміі адпраўлялі драму Кіры Каваленкі «Расціскаючы кулакі» у 2021-м. У шорт-ліст той фільм не ўвайшоў.

Марына Яновіч, «Белсат»