Каб абысці санкцыі, Лукашэнка «лібералізуе алкаголь»


Нацыянальны прававы партал апублікаваў папраўкі ў Закон аб лібералізацыі рынку алкаголю. Дакумент на 11 старонак датычыць зменаў у абароце харчовага і нехарчовага спірту і прадукцыі з яго. Адна з галоўных зменаў – Аляксандр Лукашэнка сваім подпісам адмяніў выключнае права дзяржавы на продаж спіртовых напояў у крамах бязмытнага гандлю. Усе ведаюць гэтыя крамы пад назваю «Duty Free» – яны працуюць на мяжы і ў аэрапортах. Папраўкі набудуць моц праз паўгода.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я б паглядзеў, хто вылезе з гэтага рашэння, хто праз год з’явіцца на гэтых самых пунктах пропуску з Латвіяй, Літвой, з Польшчай, якія засталіся, у беларускім аэрапорце хто будзе працаваць. І мы пабачым, у чыіх інтарэсах гэта было прынята», – кажа бізнэсовец, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

«Ува ўсіх гэтых схемах будуць мець права ўдзельнічаць толькі тыя структуры, якія так ці інакш набліжаныя да рэжыму», – распавядае палітолаг, былы працаўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў.

На сёння продажам алкаголю ў крамах «Duty Free» займаецца дзяржаўная кампанія «Дыпмаркет» з сістэмы Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, а таксама тры прыватныя кампаніі.

Гэта «МаркетЛіга», створаная дзяржаўным прадпрыемствам «Белмытсэрвіс» і спартовым клубам Аляксандра Лукашэнкі пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Кампанія «Беламаркет дʼюці фры», якая належыць бізнесоўцу Артуру Гранцу і Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі. І кампанія «Беламаркет Хелена Валеры», якая належыць Алене Скрыпель і Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель разам з Лукашэнкам і жанчынай Пуціна Алінай Кабаевай адкрывала ў Менску Палац гімнастыкі. Яна ж звязаная з прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Віктарам Лукашэнкам.

Цяпер у бязмытнага алкабізнесу, звязанага з Лукашэнкам, мусяць зʼявіцца канкурэнты. Але навошта?

«Дзяржаўная манаполія на імпарт алкаголю прыводзіць да таго, што само Кіраўніцтва справамі прэзідэнта – яно пад санкцыямі і фактычна часткі яго структур таксама», – адзначае Анатоль Котаў.

Як мяркуе Анатоль Котаў, пашыраючы кола кампаніяў, якім дазволена гандляваць у крамах бязмытнага гандлю, рэжым Лукашэнкі выводзіць свой алкабізнес з кампаніяў чорнага спісу. То бок з-пад санкцыяў, скіраваных на ягонае Кіраўніцтва справамі. Яшчэ адзін аспект алкагольнай лібералізацыі – беларускія законы змяняюць пад расейскія, каб зрабіць лягчэйшым так званы паралельны імпарт, то бок неафіцыйны продаж у Расею замежнага алкаголю, у тым ліку праз Беларусь.

Яраслаў Сцешык, Ігар Дабралет, «Белсат»