Рэкламы на тэлебачанні будзе больш, у тым ліку рэкламы алкаголю


Алкаголь вяртаецца на дзяржаўнае тэлебачанне. Нацыянальны прававы партал апублікаваў праект зменаў у закон «Аб рэкламе». Калі іх зацвердзяць – на тэлебачанні і радыё ў начныя гадзіны з’явяцца ролікі пра алкаголь, што раней было ўвогуле забаронена.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ад немагчымасці знайсці іншыя крыніцы вырашылі вярнуць тое, што калісьці з вялікай помпай закрывалі. Закрывалі доступ азартным гульням, алкаголю, піву на тэлеканалы. Іх моцна абмяжоўвалі і зараз мусяць саступіць», – кажа медыяэксперт, аналітык праекту «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Пасля зменаў алкаголь можна будзе рэкламаваць з 22-й вечара да сёмай раніцы. На гадзіну ўвечары падоўжыцца час на рэкламу піва і слабаалкагольных напояў, такія ролікі можна будзе пабачыць ад 21-й. Гэткі ж час прапаноўваюць і на гульнявыя ўстановы ды азартныя гульні.

Падоўжацца і рэкламныя блокі ў тыя гадзіны, калі большая аглядальнасць. Цяпер з 18-й да 22-й рэклама не павінна займаць больш за 16 хвілінаў у кожнай гадзіне. У новай рэдакцыі – не больш за 18 хвілінаў.

Да прыкладу, на тэлеканале «Беларусь-1» дадатковыя хвіліны пры ўліку дзейных тарыфаў на размяшчэнне рэкламы могуць даць 12 600 рублёў штодня або каля ста тысячаў на месяц.

«Фактычна гэта новаўвядзенне скіраванае, каб павялічыць рэкламныя прыбыткі беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. Канешне, у бюджэце грошы на прапаганду заўсёды знойдуцца, але ж прыемней, каб прапаганду фінансавалі рэкламадаўцы, у тым ліку замежныя алкагольныя і тытунёвыя холдынгі», – кажа рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка.

Віно, алкаголь.
Фота: pxhere.com, CC0

На тэлебачанне і радыёвяшчанне ў бюджэце на наступны год закладзена больш як 142 мільёны рублёў. Гэта амаль на 9 мільёнаў больш чым летась. І гэтак сама, як летась, гэта больш за 80 адсоткаў усіх сродкаў, прызначаных для медыяў. Дзяржаўныя медыі ніколі не былі самаакупнымі, кажа Паўлюк Быкоўскі, цяпер жа сітуацыя яшчэ пагоршылася.

«Міністр інфармацыі яшчэ пазалетась казаў, што рэкламны рынак “схлопнулся”, і было відавочна, што сышлі вялікія гульцы, што рэкламаваліся на масавую аўдыторыю на тэлеканалах. Гэта былі пераважна заходнія кампаніі, якія рабілі тавары шырокага спажывання», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Замежныя кампаніі ды іх рэклама пачалі сыходзіць з Беларусі пасля выбараў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і ўвядзення заходніх санкцыяў у дачыненні Беларусі. Таму цяпер уладам даводзіцца дапасоўваць заканадаўства да рэаліяў. Сярод іншага, дазваляючы рэкламаваць тое, што раней забаранялася.

«Рэклама алкаголю, тытуню і азартных гульняў – яе абмяжоўваюць на тэлебачанні не таму, што ўвесь свет такі дурны, а адное БТ здагадалася, што на гэтым можна няблага зарабіць, а таму што гэта шкодзіць грамадству, шкодзіць здароўю, гэта вядзе да тратаў на гульнявыя аўтаматы», – кажа Вадзім Мажэйка.

Але калі паўстае пытанне фінансавання дзяржаўнай прапаганды – абарона грамадзянаў перастае быць у прыярытэце для лукашэнкаўскіх уладаў, дадае эксперт.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»