Еўразвяз прыняў 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі, у ім – 11 беларусаў


18 снежня Еўразвяз прыняў новы, 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі. Гэта стала магчымым пасля таго, як удалося пераадолець блакаванне, якое выстаўляла Аўстрыя. У спісе фізічных асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, – 11 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, прыкмеціла радыё «Свабода».

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сярод прычын, за якія беларускія чыноўнікі і вайскоўцы трапілі пад санкцыі, указваюцца павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў РФ, прасоўванне ваенна-тэхнічнай супрацы з Расеяй, падрыхтоўка мабілізаваных расейцаў на палігонах, перадача Расеі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вядзення вайны ва Украіне і інш.

У спісе фігуруюць – першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Алег Мішчанка, намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандр Рахманаў, начальнік 230-га агульнавайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко, першы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Павел Муравейка, начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка, старшыня КДК, сябра Рады бяспекі Васіль Герасімаў, начальнік 174-га навучальнага палігону вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Віталь Яфанаў, камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч, намеснік начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк, начальнік Гомельскага філіялу дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімер Чаравухін, намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Вячаслаў Рассалая.

Што да санкцыяў, датычных Расейскай Федэрацыі, то ў спісе апынулася 29 арганізацыяў, якія падтрымліваюць вайскова-прамысловы комплекс Расеі ў яе вайне супраць Украіны. Санкцыі таксама закранулі «значную колькасць фізічных асоб», сярод іх ёсць прадстаўнікі IT-сферы, а таксама тыя, хто арганізоўваў выбары на захопленых украінскіх тэрыторыях.

Пад забарону трапілі расейскія алмазы: цяпер будзе немагчымым прамы і ўскосны імпарт, пакупка і перадача алмазаў з Расеі. Гэтая забарона распаўсюджваецца на алмазы расейскага паходжання, алмазы, якія экспартуюцца з гэтай краіны, ідуць транзітам праз Расею, а таксама на тыя алмазы, якія былі апрацаваныя ў трэціх краінах. Пад забарону трапілі ювелірныя вырабы з расейскімі брыльянтамі.

Акрамя таго, Еўразвяз увёў экспартныя абмежаванні супраць Расеі на прадукцыю і тэхналогіі двайнога прызначэння.

Пашырыўся спіс тавараў, пастаўкі якіх забароненыя ў Расею: сярод іх літыевыя батарэі, тэрмастаты, электраматоры і сервапрывады для беспілотнікаў, дэталі для авіяцыі і ўзбраенняў.

У дакуменце прапісанае абмежаванне на імпарт з Расеі на агульную суму ў 2,2 мільярда еўраў у год на жалезныя чушкі, мядзяны і алюмініевы дрот, трубкі і трубы рознага дыяметру, алюмініевую фольгу.

Таксама дакумент прадугледжвае ўвядзенне больш жорсткіх правілаў выканання абмежаванняў цэнаў на нафту і меры па барацьбе з абыходам гэтых правілаў. Акрамя таго, усе краіны ЕЗ павінны будуць інфармаваць Еўракамісію аб продажы танкераў у Расею.

На працягу 12 месяцаў будзе ўведзеная забарона на імпарт з Расеі звадкаванага прапану.

Акрамя таго, грамадзянам Расеі будзе забаронена займаць кіроўныя пасады ў еўрапейскіх кампаніях, звязаных з крыптавалютамі.

Як раней паведамлялася, 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі быў гатовы ўжо даўно, але іх блакавала Аўстрыя, якая патрабавала прыбраць «Raiffeisen Bank International», унесены ва ўкраінскі спіс «спонсараў вайны». Але 15 снежня, падчас абмеркавання новых мер супраць Расеі аўстрыйскі канцлер выйшаў з залы, і рашэнне было ўхваленая без яго.

Цікава, што такім жа чынам з залы «выйшаў» прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан, калі прадстаўнікі ЕЗ прымалі рашэнне аб пачатку перамоваў пра Уваход Украіны ў ЕЗ.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў