Візіт Ціханоўскай у Варшаву стаўся паспяховым


Святлана Ціханоўская ўганаравала прэзідэнта Польшчы Крыжам Добрасуседства – гэта ўзнагарода ад Аб‘яднанага пераходнага кабінету за пабудову добрых стасункаў і спрыянне дэмакратычным зменам у Беларусі. У Варшаве абраная прэзідэнтка сустрэлася і з беларускай дыяспарай, каб абмеркаваць самыя надзённыя праблемы, у тым ліку цяжкасці з атрыманнем польскіх гуманітарных візаў для тых, хто з’язджае ад рэпрэсіяў. Вядома, што прагрэс у гэтым пытанні ёсць. У цэлым чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінету кажуць, што візіт Ціханоўскай – вельмі ўдалы, бо вельмі практычны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сканчаецца трохдзённы працоўны візіт у Варшаву Святланы Ціханоўскай. Разам з АПК яе прымалі на афіцыйным узроўні: прэзідэнт, міністры, спікеры парламенту. Абраная прэзідэнтка дамаўлялася з партнёрамі пра стварэнне беларускіх школаў у Польшчы і вывучэнне беларускай мовы як замежнай, пра дапамогу нашым рэпрэсаваным спартоўцам, каб яны маглі ўдзельнічаць у Алімпіядах, пра супольную барацьбу за вызваленне палітвязняў.

Выкананая галоўная задача Абʼяднанага пераходнага кабінету: наладзіць сувязі з новым парламентам і ўрадам Польшчы ды пацвердзіць працяг супольных дзеянняў двух народаў да дэмакратыі і бяспекі ў рэгіёне.

«Насамрэч мы сустрэліся амаль з усім кабінетам. І адбыўся вельмі практычны візіт. Я вельмі радая, што са мной побач былі прадстаўнікі АПК, якія больш дэталёва маглі расказаць аб пытаннях у сваіх кірунках», – падсумавала візіт у каментары «Белсату» Святлана Ціханоўская.

Польшча – не толькі наш сусед, але і сёлетняя краіна-старшыня ў Радзе Еўразвязу.

«Нам вельмі важна, каб беларуская павестка прыйшла не толькі ў Варшаву, але і ў Брусель, калі Польшча будзе там старшыняваць. Мы прагаварылі некаторыя вельмі канкрэтныя рэчы. Магчыма, запусцім стала дзейную пляцоўку – канферэнцыю імя Касцюшкі. Як канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні, што праходзіць штогод і цалкам прысвечаная Беларусі», – паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Галоўнае пытанне перамоваў – што зрабіць, каб прымусіць Лукашэнку спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў.

«Нам трэба больш намаганняў, каб вызваліць людзей. Нашая стратэгія такая, што вызваліць можна толькі праз ціск на рэжым і дапамогу беларусам. Я спадзяюся, што новае кіраўніцтва краіны будзе больш эфектыўна працаваць у гэтым накірунку», – кажа абраная прэзідэнтка Беларусі.

У тым ліку заканадаўчая ўлада – парламент. Пасля візіту Ціханоўскай там ідзе афармленне «групаў сяброў Беларусі» – працоўных абʼяднанняў сенатараў і дэпутатаў.

«Групы “За Дэмакратычную Беларусь” і ў Сенаце, і ў Сейме будуюцца на міжфракцыйнай аснове. Мы маем дамоўленасць, што ўсе асноўныя палітычныя групы дэлегуюць сюды сваіх прадстаўнікоў. Гэта азначае, што беларускае пытанне не разʼядноўвае, а абʼядноўвае палякаў», – перакананы Анатоль Лябедзька.

Доказ гэтаму – адмысловы беларускі прыём у палацы прэзідэнта Польшчы. Пад партрэтам ураджэнца Беларусі, паўстанца і генерала Тадэвуша Касцюшкі Святлана Ціханоўская ўручыла Анджэю Дуду адмысловы знак пашаны – Крыж Добрасуседства. Такі самы Крыж, якім раней уганаравала міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага.

На святочна-навагоднім спатканні Анджэй Дуда падкрэсліў, што заўжды будзе падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду і незалежнасць Беларусі.

«Хай Бог блаславіць нашыя краіны і нашыя народы. Зычу спадарству, каб 2024 год быў годам вашае перамогі і вяртання суверэннай незалежнай Бацькаўшчыны, да якой вы зможаце спакойна вярнуцца», – заявіў прэзідэнт Польшчы.

Раптам пасярод афіцыйнага мерапрыемства ў залі прэзідэнцкага палацу з’явілася група мужчынаў у ботах разам з казой, журавом і зоркаю. Гэта былі беларускія калядоўнікі.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з грамадзянскай супольнасцю ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 10 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Адзін з абавязковых пунктаў праграмы ў любым горадзе, які наведвае Святлана Ціханоўская, – гэта сустрэча з беларускімі актывістамі, былымі палітвязнямі, проста беларускімі грамадзянамі. І тут, у Варшаве, гэтая сустрэча адбылася ў Цэнтры беларускай салідарнасці на вуліцы Алеандраў.

Праблемы з пашпартамі і беларускімі амбасадамі, цяжкасці працы медыяў, выбары ў Каардынацыйную Раду, вызваленне палітвязняў – атрымалася абмеркаваць самыя балючыя пытанні.

«Мы бачылі, што поўная зала была беларусаў. Яны прыехалі не толькі з Варшавы, але і з іншых гарадоў. Пытанні збольшага датычацца не чагосьці асабістага. Мы бачым, што беларусы думаюць аб будучыні Беларусі», – падкрэсліў старшыня Цэнтру беларускай салідарнасці Улад Кобец.

У канцы сустрэчы суайчыннікі падарылі Святлане Ціханоўскай бел-чырвона-белы бісерны бранзалет, сплецены беларускімі дзеткамі, – на добрую памяць.

З Варшавы абраная прэзідэнтка Беларусі адправіцца з працоўным візітам у Фінляндыю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»