Спікер Сейму: «Польшча зробіць усё для свабоды Беларусі»


Спікер парламенту суседняй Польшчы прыняў прапанову стаць сімвалічным хросным для беларускага палітвязня, каб прыцягнуць увагу да беззаконня рэжыму Лукашэнкі. Гэта толькі адзін з вынікаў працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі наладжвае сувязі з новым польскім урадам і парламентам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння ў Святланы Ціханоўскай і дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў парламенцкі дзень. Іх прымае заканадаўчае кіраўніцтва суседняй Польшчы: маршалак Сейму і маршалак Сенату, то бок спікеры двух палатаў парламенту. Да Ціханоўскай тут звяртаюцца афіцыйна: «спадарыня прэзідэнт».

Перамовы са спікерамі палатаў парламенту ды з камітэтамі замежных справаў Сенату і Сейму доўжыліся больш за тры гадзіны.

«Падчас сустрэчы з маршалкам Сейму Шыманам Галоўнем мяне запэўнілі ў поўнай падтрымцы нашага беларускага курсу польскім парламентам. Я падкрэсліла, наколькі важна ствараць яшчэ больш ціску на рэжым Лукашэнкі. Эканамічны ціск. Праз санкцыі і праз стварэнне праблемаў для тых, хто дапамагае абыходзіць санкцыі. Палітычны ціск. І прыцягненне памагатых Лукашэнкі да адказнасці», – заявіла на сумесным падыходзе да прэсы абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Адказнасць за злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі. Святлана Ціханоўская паведаміла парламентарыям, што ў нашай краіне штодня паўсотні чалавек трапляюць пад рэпрэсіі. У залік Лукашэнку ідуць і ваенныя злачынствы, ужыванне масавай нелегальнай міграцыі як зброі, захоп авіярэйсу Афіны-Вільня.

«Свабодная, незалежная, самастойная і ўстойлівая Беларусь – гэта адзін са слупоў нацыянальнай бяспекі Польшчы. Мы мусім сёння думаць пра Беларусь як пра нашага партнёра. І пра ўсе групы, якія цяпер у Беларусі абсалютна ўзорна супрацьстаяць злу, мы мусім думаць як пра саюзнікаў – дзеля пабудовы бяспекі ў гэтай частцы Еўропы», – падкрэсліў спікер Сейму Польшчы XI склікання Шыман Галоўня.

Гэтаксама цёпла і адказна беларускую дэлегацыю прыняла Малгажата Кідава-Блоньска – спікерка польскага Сенату.

«Фактычна гэта другая і 4-я асоба ў дзяржаве: маршалак Сейму і маршалак Сенату. Гэта вышэйшыя асобы, якія сустракаюцца з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта палітычны знак, сігнал, што польскі парламент, польскія ўлады будуць падтрымліваць дэмакратычны выбар беларусаў», – тлумачыць Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету.

Упершыню ў польскім парламенце з’явіцца Група Сяброў Беларусі і ў Сенаце, і ў Сейме.

«Чакаю, што з гэтай уладай мы дамовімся пра прызнанне Кабінету, пра дапамогу, каб у нас з’явіўся пашпарт, і па іншых пытаннях. Я маю надзею, што дамовімся, і ўсё атрымаецца», – усміхаецца прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў абароне і бяспецы Валер Сахашчык.

Беларуская дэлегацыя асобна сустрэлася з камітэтамі міжнародных справаў абодвух палатаў парламенту.

«Для нас важна, каб была прынята стасоўная рэзалюцыя аб сітуацыі ў Беларусі, як гэта было зроблена ў Бундэстагу напрыканцы 2023. Яна фактычна канстатавала сітуацыю ў Беларусі, але галоўнае – выпрацавала канкрэтныя кірункі, стратэгію дзеянняў па сітуацыі ў Беларусі», – падкрэсліў Павел Латушка.

Сярод тэмаў перамоваў было стварэнне беларускіх школ у Польшчы, дапамога ў вызваленні палітвязняў і падтрымка еўрапейскага выбару беларусаў – каб нас не ўспрымалі за частку «русского мира».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская наведвае з візітам Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Беларускі народ выбраў праеўрапейскі шлях развіцця, мы хочам вярнуць наш край у Еўропу, і я прашу Польшчу паспрыяць нашым еўрапейскім памкненням і стаць нашым саюзнікам на гэтым шляху. Як беларускі народ мы не адмовімся ад нашай барацьбы. Мы хочам вызваліць наш народ, нашую Беларусь ад мёртвай хваткі Лукашэнкі і палітычных амбіцыяў Пуціна. Мы хочам вярнуць Беларусь да дэмакратыі», – заявіла ў Сейме абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

«У сваіх сэрцах беларусы ўжо свабодныя людзі, ніхто ў гэтым не сумняецца. Але мы зробім усё, каб Беларусь прайшла свой шлях праз гэты кашмар і каб мы нарэшце маглі будаваць нашую будучыню на светлым баку. Спадарыня прэзідэнтка, вы маеце поўную нашую падтрымку ў вашых добрых дзеяннях на карысць свабоднай Беларусі», – падкрэсліў спікер Сейму Польшчы Шыман Галоўня.

Таксама сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з польскімі міністрамі адукацыі і спорту, ды наведала палац прэзідэнта, дзе цяпер адбываецца ўрачысты прыём у гонар беларускіх дэмакратычных сілаў.

У Варшаве Святлана Ціханоўская сустракаецца таксама з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў і беларускай рэлігійнай супольнасці ды з амбасадарамі дэмакратычных краінаў. Адначасова ідзе рыхтаванне да будучай сустрэчы з прэмʼер-міністрам Фінляндыі, адкрыцця канферэнцыі «Хельсінкскі дыялог», а потым – да ўдзелу Святланы Ціханоўскай у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»