У Парку высокіх тэхналогіяў з'явіўся «смотрящий»


Праз 6 гадоў на пасадзе Усевалад Янчэўскі больш не ўзначальвае Парк высокіх тэхналогіяў. Згодна з крыніцамі «Нашай Нівы», цяпер ён ачольвае фінансавую пракладку ПВТ, зарэгістраваную ў Арабскіх Эміратах. Таксама ўціхую Парк высокіх тэхналогіяў займеў новага менеджара. Сакратарыят назіральнай рады ў ПВТ ачоліў Аляксандр Базанаў, учорашні працаўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Парк высокіх тэхналогіяў – свабодная эканамічная зона, што аб’ядноўвае больш чым тысячу кампаніяў. І раптам – кадэбэшнік у складзе кіраўніцтва створанага перад тым Сакратарыяту назіральнае рады ПВТ.

Аляксандр Базанаў будзе «смотрящим» у гэтым органе, кажа сузаснавальнік рэсурсу «TUT.by» (колішняга рэзідэнта парку) Кірыл Валошын:

«Сакратарыят павінен, сярод іншага (ці гэта ўвогуле яго асноўная функцыя – з тэксту не вельмі зразумела) займацца камунікацыяй з узброенымі сіламі, з прызыўнымі камісіямі і гэтак далей».

Кірыл Валошын мяркуе, што маладзёнаў з ПВТ будуць накіроўваць на тэрміновую службу ў IT-роце, а некаторых – «адмазваць» ад гэтай службы. Аляксандр Базанаў ачоліць гэтую працу, а таксама тую, што схаваная пад чатырма пунктамі «Для службовага карыстання» Указу Лукашэнкі №102 «Аб развіцці ПВТ».

«Гэта такая дымавая завеса, якая прыкрывае падзеі, якія абʼектыўна адбываліся ў 2020-ым годзе. Я думаю, усе мы памятаем кадры са сцягамі насупраць ПВТ. Я думаю, што гэта такі дадатковы элемент кантролю за тым, што адбываецца ў ПВТ з кампаніямі, з рэзідэнтамі», – кажа Валошын.

Доктар Яраслаў Кот, заснавальнік Беларускай асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў «BelGameDev» і дарадца АББА, дадае, што апроч кантралявання працаўнікоў і пошуку непажаданых асобаў у штаце рэзідэнтаў Парку, будуць яшчэ больш зацята развіваць праграмы ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў. Супольна з дырэктарам ПВТ Усеваладам Янчэўскім.

Парк высокіх тэхналогій.
Фота: dev.by

«Як і Янчэўскі, чалавек, якога назначылі цяпер дадаткова ў гэты савет, ён раней займаўся тым, каб арганізоўваць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогіяў у інтарэсах утрымання рэжымам улады», – кажа Яраслаў Кот.

У новым асяроддзі Базанаў працягне старую працу. З 2010 года ён кіраваў інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Лукашэнкі.

Кадэбістаў і міліцыянтаў прызначаюць служыць на ўсе без выключэння прадпрыемствы, у арганізацыі і навучальныя ўстановы – на ўзор татальнага кантролю савецкіх часоў, сведчыць прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў:

«Ствараюцца спецыяльныя аддзелы, новыя аддзелы і пасады па кантролі за працаўнікамі. Самае такое нечалавечае, што так, людзей звальняюць, а ў прапагандысцкія завадскія групы выкідваюць спісы людзей, вунь, глядзіце, такія ганебныя спісы, што вось гэтыя людзі былі падпісаныя (на нібыта экстрэмісцкія каналы – заўв. Рэд), яны нас не пачулі, не будзьце такімі як яны!»

Паколькі зачыстка іншадумства не ўпісалася ў планы лукашэнкаўскіх кантралёраў, тыя рыхтуюцца да яшчэ больш глыбокага ўварвання ў прыватнасць беларусаў.

«Беларусы пра гэта пачуюць. Вышэйшыя начальнікі будуць быццам бы мець “права” праглядаць твой тэлефон, прыходзіць да цябе дамоў, глядзець, як ты жывеш. Як у школах настаўнікі хадзілі да дзяцей. Тое самае хочуць увесці на прадпрыемствах», – цвердзіць Аляксандр Сакалоў.

Згодна з атрыманымі Рабочым рухам ананімнымі звесткамі, адзінкавыя выпадкі такой практыкі ўжо зафіксаваныя.

Юлія Цяльпук, «Белсат»