IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы


Выданне dev.by апублікавала даследаванне пра тое, як цяпер у Беларусі жыве IT-сфера. Асноўныя высновы: беспрацоўе ў галіне дасягнула небывалых 5,2 %, распрацоўнікі прадуктаў з’язджаюць цалкам, аўтсорсінг рэлакуецца часткова, болей за палову праграмістаў лічаць свае перспектывы туманнымі, 41 % беларускіх айцішнікаў працуюць за мяжою.

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Профільнае выданне dev.by даведалася, як жыве ў Беларусі IT-сфера ва ўмовах рэлакацыі, што не спыняецца з 2020 года і ўзмацнілася з пачаткам вайны ва Украіне.

У галіне з’явілася беспрацоўе, чаго не было «нават у найгоршы час». Калі ў 2017 годзе беспрацоўных было 1,2 %, а на частковай занятасці – 2,6 %, то цяпер – 5,2 % і 4,2 % адпаведна:

«Натуральна, з пункту гледжання іншых сфераў гэта яшчэ не ўражвае, аднак для IT-індустрыі, дзе нават у найгоршы час была амаль пагалоўная занятасць, гэта новая рэальнасць».

Аналітыкі мяркуюць, што гэта адбылося праз «аптымізацыю» часткова занятых праграмістаў, гэтак званы бэнч. Такія работнікі фактычна сядзяць без працы і чакаюць новых праектаў, застаючыся ў штаце ды атрымліваючы заробак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Рэлакацыя не спыняецца. Распрацоўнікі прадуктаў звычайна цалкам спыняюць бізнес у Беларусі, закрываючы юрыдычную асобу і абрываючы якія-кольвек сувязі з радзімаю. Амаль палова прадуктовых кампаніяў указваюць, што беларускага офісу не маюць.

Аўтсорсінгавыя фірмы пры гэтым рэлакуюцца часткова, іхныя прадстаўніцтвы ў нашай краіне ўсё-ткі застаюцца. Галоўная прычына ў такім адрозненні – грошы. Аўтсорс-кампаніі прывязаныя да сваіх бюджэтаў і могуць аплочваць пераезд толькі самых каштоўных працаўнікоў.

Агулам амаль 19 % беларускіх IT-кампаніяў цяпер не маюць офісу ў Беларусі. У 2019 годзе такіх было меней за 4 %.

Цяпер за мяжою працуюць болей за 41 % беларускіх праграмістаў. За апошні час з’ехалі блізу 20 тысячаў.

Hавiны
У Дзень работнікаў сувязі ўлады «пахваліліся» доляй IT у ВУП Беларусі. Яна падае
2023.05.07 14:12

Удзельнікі даследавання прызнаюцца, што працадаўцы цяпер даюць менш бонусаў: як на медыцыну, гэтак і спорт, адукацыйныя курсы, нават харчы. Стала меней падарункаў ад кампаніі. Скараціліся спажывецкія крэдыты і крэдыты на кватэры, якіх і раней давалі небагата.

Што праўда, сацыяльны пакет хоць і пусцее, аднак застаецца адчувальным: 61,5 % праграмістаў цяпер атрымліваюць кампенсацыю медычных паслуг, каля паловы – дадатковыя дні адпачынку і абанементы ў фітнес-клубы. Каля 42 % атрымліваюць дадатковую адукацыю і нейкія падарункі за кошт працадаўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Lukas / Pexels

Пры гэтым задаволенасць працаю ў беларускіх айцішнікаў знізілася некрытычна, адзначаецца ў маніторынгу. Калі на піку ў розныя гады тых, каму падабаецца праца, было каля 60 %, то цяпер – 50 %. Лік незадаволеных за апошнія два гады вырас з 8,6 % да 12,7 % (для параўнання: у 2013 годзе было амаль 20 %).

Каментар
Увайсці ў IT-2: Што за «нестандартныя» падыходы для развіцця ПВТ прапанавалі Лукашэнку
2023.04.11 20:09

У будучыню глядзіць з аптымізмам рэкордна мала праграмістаў за ўвесь час назіранняў. Год таму амаль тры чвэрці рэспандэнтаў меркавалі, што без працы яны не застануцца ні ў якім разе, то цяпер такіх – 46 %, а 42 % проста цяпер не думаюць так, аднак не ўпэўненыя ў сваёй будучыні.

Баяцца, што проста зараз могуць страціць працу або не працаўладкавацца, 12 %. Для традыцыйна аптымістычнай IT-галіны гэта шмат, падкрэслівае dev.by.

Агляд
ПВТ пахваліўся дзіўнымі кампаніямі, у тым ліку з каранямі ў «KGB». Як там з рэзідэнтамі?
2023.05.23 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў