Польшча, Літва і Латвія ўзгаднілі механізм закрыцця межаў з Беларуссю


Лукашэнка грае мускуламі – так пракаментавалі ў Еўракамісіі нядаўнія вучэнні войска Беларусі пад Горадняй. А Польшча, Літва і Латвія распрацавалі супольны механізм закрыцця межаў з Беларуссю. На выпадак, калі ў гэтым з’явіцца патрэба. Хаця ў NATO заяўляюць, што не бачаць пагрозы для Альянсу з беларускай тэрыторыі. Чаму ў такім разе краіны-суседкі рыхтуюцца перакрыць пункты пропуску? Як гэта адабʼецца на беларускай эканоміцы? І чаму Лукашэнка дагэтуль робіць выгляд, што нічога не адбываецца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Трэнаванні ва ўмовах, набліжаных да рэальных баявых: беларуская армія праводзіць вучэнні пад Горадняй, каля межаў Еўразвязу. У Еўракамісіі адрэагавалі.

«Лукашэнка адмовіўся ад суверэнітэту Беларусі на карысць Расеі, таму гэтыя вайсковыя вучэнні трэба разглядаць у кантэксце таго, што Расея робіць супраць Украіны, спрабуючы граць мускуламі, запалохваць суседзяў, паказаць, што яны яшчэ маюць магчымасці працягваць свае незаконныя дзеянні супраць Украіны», – заявіў прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана.

Тым часам КДБ спрабуе вербаваць літоўцаў. А беларусаў, што едуць у Літву, просіць здымаць перасоўванні тамтэйшых вайскоўцаў, распавядае памежная служба Літвы. Усё гэта – на фоне прысутнасці ў Беларусі вагнэраўцаў. У NATO заяўляюць, што пагрозы ад іх не бачаць. Але Польшча, Літва і Латвія гатовыя зачыніць межы з Беларуссю. Гэта не паніка суседніх краінаў, а ціск на рэжым Лукашэнкі, кажа літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

«Перакрыццё межаў найперш раздражняе і мусіць раздражняць рэжым Лукашэнкі, які ўзбагачаецца коштам таго, што займаецца абыходам санкцыяў. Закрытыя межы – значыць, меней розных тавараў: падвойнага і не падвойнага значэння», – мяркуе Віціс Юрконіс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская мяжа. Крыніца: ganc-chas.by

Закрыццё межаў паўплывае і на беларускую эканоміку агулам.

«У выніку магчымага закрыцця межаў пацярпіць транспартная галіна. Пацярпяць кампаніі, што супрацоўнічаюць з заходнімі вытворцамі, пацярпяць спажыўцы», – кажа экспертка з цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна.

Пацярпіць таксама турыстычная галіна, якая і так перажывае не найлепшыя часы, адзначае Анастасія Лузгіна. Лукашэнка заяваў суседніх краінаў пра магчымае закрыццё межаў пакуль публічна не каментуе. Яго нібыта болей хвалюе збор ураджаю.

Відаць, Лукашэнка ўзяў паўзу, перш чым выказацца пра пагрозу закрыцця межаў з Еўразвязам, мяркуе аналітык экспертнай сеткі «Наше мнение» Роза Турарбекава.

«Гэта жалезная заслона. Спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Бо Лукашэнку, шчыра кажучы, усё адно. Калі ж казаць пра грузаперавозкі, то тады сапраўды будуць закранутыя інтарэсы Лукашэнкі», – кажа Роза Турарбекава.

Польшча гатовая зачыніць не толькі аўтамабільныя, але і чыгуначныя грузавыя пункты пропуску, заявіў намеснік польскага міністра ўнутраных справаў Мацей Вонсік. У разліку, што Кітай, чые тавары ідуць у Еўразвяз праз Беларусь, падасць адпаведны сігнал Лукашэнку, каб той не шкодзіў кітайскім інтарэсам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»