Чым Лукашэнка дапамог Сабаленцы?


Доўгі час падтрымлівала Лукашэнку – але ўрэшце здалася. Чым пагражае другой ракетцы свету Арыне Сабаленцы ейная апошняя заява пра дыктатара Беларусі? Ды якую такую паслугу аказаў Лукашэнка тытулаванай беларускай тэнісістцы, што яна так зацята – нават пад ціскам журналістаў, калегаў і сваіх заўзятараў – не адракалася чалавека, які стаў сапраўдным міжнародным выгнаннікам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Перарвала доўгае маўчанне. Пасля выхаду ў паўфінал у адкрытым чэмпіянаце Францыі гэтым тыднем Арына Сабаленка наважылася паразмаўляць з медыямі ды адказала нарэшце на пытанне пра Лукашэнку:

«Гэта складанае пытанне. Я не падтрымліваю вайну, гэта значыць, не падтрымліваю Лукашэнку проста цяпер».

Аднак, каб разумець, чаму гэткае маўчанне зацягнулася так доўга, варта звярнуцца да асабістых стасункаў Сабаленкі і Лукашэнкі.

Лістапад 2018-га года. Дваццацігадовая Арына Сабаленка, якая на той момант ужо атрымала свае першыя перамогі на турнірах WTI у адзіночным разрадзе, пабывала на прыёме ў Лукашэнкі. Як паведамілі тады дзяржаўныя медыі, сустрэча адбылася на просьбу самой спартоўкі. Аказалася, не проста так, а каб уладкаваць сур’ёзную асабістую праблему – нейкім чынам разарваць доўгатэрміновую дамову з агентам, якую Арына Сабаленка падпісала на нявыгадных для яе ўмовах. Аўтар YouTube-каналу «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка высветліў акалічнасці гэтай угоды:

«Той чалавек, з якім Сабаленка падпісала кантракт, быў не зусім чысты на руку, бо супраць яго ў Расеі ўжо распачалі крымінальную справу за махлярства, і тут у Беларусі яму наўпрост сказалі: хлопец, давай ты гэты кантракцік хаваеш, або мы цябе выдадзім у Расею, дзе цябе будуць судзіць і дзе цябе чакае турэмны тэрмін».

Упершыню Лукашэнку і Сабаленку разам заўважылі ў 2017-м, калі зборная Беларусі паспяхова выступіла ў Кубку Федэрацыі. З кожным годам іхныя адносіны толькі мацнелі. У 2019-м у інтэрвʼю парталу «TUT.BY» яна прызналася, што ёй моцна пашанцавала з камандай, дый наогул – добра нарадзіцца ў краіне, «дзе прэзідэнт падтрымлівае спорт». Праз год Сабаленка, назіраючы за паслявыбарчымі пратэстамі ў Беларусі, заклікала спыніць гвалт, аднак у выніку ўсё адно падтрымала дзейны рэжым:

«Я супраць гвалту і казала пра гэта публічна!!! Але я не ўпала з Месяца і не магу заплюшчыць вочы на ўсё тое, што зроблена для краіны агулам і для спорту ў прыватнасці. Я не ўдзельнічала ў палітыцы ніколі і не збіраюся. Я буду заўзець за спартоўцаў любога віду спорту, і мне не важна, на якім яны баку», – напісала яна на сваёй старонцы ў Instagram.

Арына Сабаленка. Крыніца: sabalenka_aryna / Instagram

Так ці інакш, аднак у снежні таго ж года стала вядома, што Сабаленка падпісала праўладны ліст спартоўцаў, а Новы год сустрэла ў кампаніі Лукашэнкі. Апошні рэгулярна віншаваў яе з перамогамі.

Увесь гэты час Сабаленка паслядоўна пазбягала пытанняў пра вайну і бараніла Лукашэнку ад журналістаў. Журналіст «Sport.pl» Дамінік Сэнкоўскі ў размове з «Белсатам» заявіў, што яго не задаволіў адказ спартоўкі на пытанне пра Лукашэнку:

«Яна сказала, што тады не было вайны, калі сустракалася з Лукашэнкам. Што не было такіх акалічнасцяў. Ну, добра, але апазіцыю цкуюць у Беларусі не на працягу года, двух ці трох, а дзесяцігоддзямі, калі шчыра казаць. Фактычна адразу, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Таму не выпадае казаць, што яна ні пра што не ведала, якія ён меў намеры ці што ён рабіў раней».

Кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Беларусі Сяргей Рутэнка ўжо заявіў, што спартовая арганізацыя не будзе каментаваць словы Сабаленкі. Яраслаў Пісарэнка кажа, што гэткая заява з вуснаў Сабаленкі зʼявілася таму, што на яе чыніўся моцны міжнародны ціск, а самая спартоўка стамілася бараніць уласны імідж. Аднак ці чакаюць яе з гэтае нагоды нейкія наступствы ў самой Беларусі?

«Чалавек жыве ў Маямі, яна суперзабяспечаная, супербагатая, што вы ёй зробіце? Тут не можа быць такога, што мы забяром у цябе прэзідэнцкую стыпендыю, не будзем пускаць на зборы», – кажа Яраслаў Пісарэнка.

Зрэшты, самая спартоўка неяк прызналася, што згадкі Лукашэнкі пра яе не дапамагаюць ёй на турнірах, хутчэй, наадварот. І калі ўкраінцы яшчэ больш будуць яе ненавідзіць пасля такіх згадак, яна ўсё адно не ў стане даць гэтаму рады.

Віталь Бабін, «Белсат»