ЦВК прапануе беларусам праспансаваць выбары


Галасуйце рублём. Цэнтральная выбарчая камісія Лукашэнкі адкрыла пазабюджэтны фонд для дадатковага фінансавання выбараў 2024-га года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грошы на адмысловы рахунак прапануюць пералічаць усім ахвотным. Як звычайным грамадзянам, гэтак і юрыдычным асобам. А спіс выдаткаў, на якія іх плануюць скіраваць, досыць шырокі: вырабленне бланкаў, плакатаў, а таксама матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне выбарчых камісіяў.

«Заплаціць за ўлёткі і плакаты, у якіх нахабна хлусяць аб тым, што ў нас ёсць выбар. Заплаціць за “працу” камісіяў, якія фальсіфікуюць вынікі і пазбаўляюць нас права голасу. Заплаціць за выраб бланкаў і бюлетэняў, якія потым выкінуць у скрыню. Толькі не ў тую, якая выкарыстоўваецца для галасавання. Беларусы, ці гатовыя вы заплаціць за падман са сваёй кішэні? Я думаю, адказ відавочны». – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Магчымасць стварыць пазабюджэтны фонд прадугледжвае Выбарчы кодэкс. Але ў тым жа дакуменце прапісалі, што ў першую чаргу выдаткі на рыхтаванне і правядзенне выбараў пакрывае рэспубліканскі бюджэт.

«Гэта ўкладваецца ў логіку гэтага рэжыму. Вам патрэбныя выбары? Вы жадаеце выбары? Хадзілі ж пратэставалі, патрабавалі пераменаў. Ну вось і атрымлівайце. Вам гэта патрэбна – будзеце за гэта плаціць. Ну, гэта ўвогуле стаўленне да грамадзянаў краіны як да крыніцы, з якой можна нешта выціснуць», – адзначыў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

У бюджэце на 2024-ты год, прынятым Палатаю прадстаўнікоў, на правядзенне выбараў прадугледзелі крыху больш за 34 мільёны рублёў. Аднак грошай на электаральную кампанію рэжыму ўсё адно бракуе?

«У беларускага рэжыму ў прынцыпе зараз дэфіцыт бюджэту. І ў яго ёсць памкненне мінімізаваць колькасць праектаў, якія нерэнтабельныя. З пункту гледжання беларускай дзяржавы выбары – гэта нерэнтабельны праект. На які, акрамя асноўных выдаткаў на працы камісіяў, будуць яшчэ дадатковыя расходы: трэба будзе каго-небудзь арыштаваць, калі будуць пратэсты. Гэта таксама дадатковыя расходы», – патлумачыла віцэ-прэзідэнтка Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алена Кудзько.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Такія ж пазабюджэтныя фонды Цэнтрвыбаркам адкрываў і падчас мінулых парламенцкіх выбараў, у 2019-ым годзе.

«Уявіце сабе фантастычную сітуацыю, калі б не было грошай у бюджэце на правядзенне выбараў. Пазабюджэтны фонд ствараецца гіпатэтычна на непрадбачаныя абставіны. Гэта сусветная практыка», – казала тагачасная старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Прафінансаваць выдаткі беларусам прапанавалі і ў іншыя электаральныя кампаніі. У тым ліку падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Аднак знайсці ў адкрытым доступе, колькі грошай грамадзяне пералічылі ў такія пазабюджэтныя фонды, немагчыма.

«Канешне, гэта тая інфармацыя, якую грамадства павінна было б ведаць, дасканала ведаць. Якія крыніцы? Ці ёсць грошы, якія прыходзілі з-за мяжы? Напрыклад, з той жа Расеі, ААЭ, Кіпру і іншых. Афшоры магчымыя. Канешне, гэта была б цікавая і важная інфармацыя», – адзначыў Аляксандр Фрыдман.

Налета ў Беларусі пройдуць гэтак званыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Адзіны дзень галасавання Лукашэнка прызначыў на 25-га лютага.

Ірына Юр’ева, «Белсат»