Дзмітрый Кучук ідзе на парламенцкія выбары


Спецаперацыя Лукашэнкі ці ўсё ж «Адзіны дзень галасавання»? Выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі і ў мясцовыя Саветы прызначаныя на 25 лютага 2024 года. Былы старшыня зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук мае намер балатавацца ў парламент. Ён ідзе на выбары з распрацаванай канцэпцыяй рэформаў і з законапраектам аб амністыі. Усё гэта ён плануе зрэалізаваць пасля выбарчай кампаніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зрэшты, у адпаведным звароце на сваёй старонцы ў «Фэйсбук» Дзмітрый Кучук прызнаў, што спадзеваў мала:

«Я не маю ілюзіяў, што атрымаю дэпутацкі мандат. Але мне важна быць голасам тых беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне і гатовыя падтрымліваць незалежных кандыдатаў».

Палітык Анатоль Лябедзька называе гэтыя выбары «спецаперацыяй Лукашэнкі», каб паспрабаваць вярнуць легітымнасць. І ўдзел у кампаніі, паводле спадара Лябедзькі, – гэта выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным:

«Калі ты ідзеш на ўдзел у спецаперацыі, гэта выбар паміж турмой і выкарыстаннем цябе беларускай прапагандай. “Ну, як жа гэта не выбары? Глядзіце, у нас вось былы лідар партыі “Зялёныя”, а там яшчэ ёсць Чэрачань. Яны прымаюць удзел – значыць, гэта ёсць выбарамі!”»

Дзмітрый Кучук. Скрыншот: Дмитрий Кучук / Facebook

Галоўны рэжымны ліберал-дэмакрат менскага рэжыму Алег Гайдукевіч тым часам заклікаў усіх удзельнікаў выбарчага працэсу гуртавацца вакол Лукашэнкі, якога называе «моцным лідарам». Гайдукевіч сцвярджае, што ўсе палітычныя партыі ды грамадскія аб’яднанні вылучаюць кандыдатаў і нават любы грамадзянін Беларусі можа балатавацца ў дэпутаты. Маўляў, чым больш канкурэнцыя – тым лепей. Але не ўсялякі грамадска-палітычны плюралізм задаволіць Гайдукевіча, а толькі той, які ён называе «канкурэнцыяй патрыётаў».

Дарэчы, пра канкурэнцыю. У сёлетнім студзені ў нашай краіне было зарэгістравана 15 партыяў. Цяпер засталіся толькі 4, усе – адкрыта праўладныя: «Белая Русь», Ліберальна-дэмакратычная, Камуністычная ды Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначальвае камуніст Ігар Карпенка. А ўсе апазіцыйныя партыі – зліквідаваныя.

Марына Яновіч, «Белсат»