8 сакавіка жанчыны адзначаюць за кратамі


16 месяцаў. Столькі за кратамі прабыла Вольга Скрашчук. Тэрмінам у калоніі жанчыну пакаралі за каментар у інтэрнэце. Ён датычыў гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-адмыслоўца Андрэя Зельцара. Спачатку былую палітзняволеную трымалі на каранціне ў жодзінскай турме. Перапоўненыя камеры ды знявага на кожным кроку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы сядзелі без сподняга. У чым нас забралі з дому, каго адкуль (або з працы), у тым і прывезлі. Нам дазволілі набыць мужчынскія майткі, мужчынскі гель-душ і некалькі рулонаў туалетнай паперы пасля двух ці трох тыдняў гэтага каранціну», – узгадвае Вольга Скрашчук.

Больш за 8 000. Столькі жанчын, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», з жніўня 2020 зазналі пераслед рэжыму Лукашэнкі. Цяпер жа за кратамі – 171 палітычная зняволеная.

«Гэта і 19-гадовыя студэнткі, якіх затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту, і 57-гадовая актывістка, затрыманая за “рыхтаванне акту тэрарызму”. Гэта як адвакатка, журналістка, праваабаронца, так і працаўніца чыгункі, архітэктарка і настаўніца», – зазначае праваабаронца ПЦ «Вясна» Дзіяна Пінчук.

У многіх з іх з таго боку калючага дроту – дзеці. У многіх у невыносных турэмных умовах абвастрыліся хваробы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночая калонія.
Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by

«З’яўляюцца гінекалагічныя хваробы, таксама з’яўляюцца праблемы з гармонамі і шчытавіцай, напрыклад. Але, напэўна, не хопіць эфіру, каб пералічыць усе хваробы і ўсе праблемы са здароўем, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў зняволенні», – кажа Дзіяна Пінчук.

Любая дапамога ў такой сітуацыі – літаральна на вагу золата. Фонд салідарнасці «BYSOL» разам з Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой сабраў для 20 сем’яў палітзняволеных жанчын больш за 10 000 еўраў. Такую акцыю ладзяць трэці год запар.

«Мы робім аднаразовую выплату памерам 500 еўраў. І дзякуючы таму, што гэтая кампанія была зробленая з нашымі партнёрамі, з АББА, удалося дастаткова моцна прыцягнуць беларускія бізнесы, якія пачынаюць сваю працу за мяжою», – гаворыць кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Як жанчыне за кратамі не страціць годнасць, як у нялюдскіх умовах застацца сабою? Вольга Скрашчук узгадвае, як зняволеныя кабеты спрабавалі захаваць прыгажосць:

«Націралі неяк цыбулю, рэзалі, неяк яе мялі рукамі ў пакетах, наносілі нейкія маскі на валасы, бо яны моцна выпадаюць, натуральна. Што яшчэ мы рабілі? Дзяўчаты падводзілі стрэлкі на вачах фламастарамі, імі ж фарбавалі бровы. А бровы мы вышчыпвалі з дапамогаю запалак».

Адмыслова да Міжнароднага дня правоў жанчын праваабарончы цэнтр «Вясна» выпусціў фільм. А ў ім – гісторыя былой палітзняволенай Дар’і Кароль. Ён называецца – «Фіялетавыя слёзы».

Алесь Яшчанка, «Белсат»