Расейцы ціснуць на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 744-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат у пошуках варожых беспілотнікаў непадалёк ад Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 7 сакавіка 2024 года.
Фота: Madeleine Kelly / Zuma Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Паводле Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ, на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці актыўнасць праціўніка фіксуецца ў ваколіцах сяла Сынькоўка – тут сілы абароны краіны за содні адбілі дзве атакі.

Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні ідуць на суседнім ліманскім кірунку: расейцы прынамсі 13 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны, Спірнае і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці і каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, каля сяла Церны ЗСУ адбілі адразу восем штурмаў, але былі вымушаныя адысці з аднаго бліндажа.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць з захаду ад аднайменнага раённага цэнтру.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ атакуюць у ваколіцах Багданаўкі і Клішчыеўкі, а таксама ў сяле Іванаўскае з усходу і паўднёвага ўсходу. Пры гэтым удакладняецца, што пад кантролем ЗСУ застаецца заходняя частка сяла.

Між тым «Говорять Снайпер» піша, Збройныя сілы крыху адкінулі праціўніка ў Іванаўскім, але сітуацыя ў сяле застаецца даволі складанай і дынамічнай.

Іншая праўкраінская крыніца – «Бахмутський Демон» – паведамляе, што ЗСУ кантралююць сітуацыю каля Клішчыеўкі, удала адбіваючы атакі праціўніка.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баі ідуць з захаду ад аднайменнага гораду. Тут, паводле Генштабу, сілы абароны краіны адбілі не менш за 23 атакі каля населеных пунктаў Бэрдычы, Танэнькае, Арлоўка, Первамайскае і Невельскае.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць актывізацыю расейцаў на пэўных участках фронту. У прыватнасці, адзін з асноўных удараў ідзе на паўночную частку Бэрдычаў – там УС РФ намагаюцца аднавіць кантроль, выціснуўшы ЗСУ на захад сяла. У Арлоўцы, па словах крыніцы, расейцы ціснуць ва ўсходняй частцы. Важкая сітуацыя для ўкраінцаў і ў Танэнькім – тут ціск ідзе з поўдня і поўначы.

Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ прасунуліся на паўночным усходзе сяла Первамайскае. Акрамя гэта ваенкор мяркуе, што ў ваколіцах Невельскага і Бэрдычаў ідуць сустрэчныя баі.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На навапаўлаўскім кірунку баі ідуць каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ паступова развіваюць поспех у Краснагораўцы з поўдня ад мясцовай чыгункі: тут яны замацаваліся на скрыжаванні вуліц Ватуціна і Геалагічная, а таксама прасунуліся на вуліцах Чыгуначная і Лермантава.

Сямён Пегаў гаворыць пра сустрэчныя баі на паўднёвым захадзе сяла Пабеда.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае і Работына.

Украінскі Генштаб піша пра дзве няўдалыя атакі праціўніка на гэтых участках фронту.

Тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што расейцы штурмавалі Работына ў лоб з поўдня, але поспеху не дасягнулі, пасля чаго пачалі абыходзіць пазіцыі ЗСУ з боку Вэрбовага.

«Говорять Снайпер» піша, што тут УС РФ крыху прасунуліся.

Пегаў гаворыць, што цяпер украінскі бок назапашвае рэзервы, каб контратакаваць.

У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі. Пакуль Узброеным сілам РФ не ўдаецца выбіць праціўніка з займаных пазіцыяў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў