«Клуб дыктатараў СНД» дэманструе стабільнасць


У Ташкенце з помпаю прымалі Лукашэнку разам з дэлегацыяй. «Таваразварот павялічым да мільярда долараў, амаль удвая, да таго ж, будзем збіраць ва Узбекістане БелАЗы». Паводле вынікаў перамоваў, бакі падпісалі дарожную мапу супрацы на два гады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шаўкат Мірзіёеў кіруе Узбекістанам восьмы год. Выглядае, што мае вельмі амбітныя планы. Летась ён унёс папраўкі ў Канстытуцыю. Падобныя да тых, што ўнеслі ў свае заканадаўствы некаторыя іншыя кіраўнікі постсавецкіх дзяржаваў. Прэзідэнцкія паўнамоцтвы падоўжылі з 5 да 7 гадоў, а ранейшыя тэрміны Мірзіёева «абнулілі». То бок фактычна 67-гадовы кіраўнік зарэзерваваў за сабою ўладу да 2037.

«Для Мерзіёева, калі ён стаў прэзідэнтам, было вельмі лёгка пад такую ліберальную рыторыку забраць уладу і замацаваць свой клан на чале Узбекістану. У прынцыпе, да канца свайго жыцця», – мяркуе супрацоўнік Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.

Менавіта з Ташкенту Лукашэнка разам з Мірзіёевым віншаваў з перамогаю на выбарах Ільхама Аліева, які кіруе Азербайджанам больш за 20 гадоў. Паводле афіцыйных звестак, Аліеў набраў больш за 92 % галасоў. Апазіцыя вынікаў не прызнала.

«Калі ідуць выбары прэзідэнта Аліева, усе мусяць быць дастаткова аднадушнымі, і тое, што неабходна мець нейкіх кандыдатаў, якія выступаюць супраць Аліева, – гэта такія выдаткі дэмакратыі, якія прыходзіцца пацярпець. Бо сітуацыя такая, што супернікаў быць проста не мусіць», – зазначае аглядальнік радыё «Свобода», рэдакцыя «Эхо Кавказа» Вадзім Дубноў.

Пазачарговыя выбары Аліеў прызначыў адразу пасля далучэння да Азербайджану тэрыторыяў Нагорнага Карабаху.

Там жа ж ён і галасаваў.

«Для Ільхама Аліева было важна сінхранізаваць пачатак, скажам так, новай эры ў гісторыі Азербайджану, якая сапраўды шмат у чым дасягнутая дзякуючы таму, што ён аформіў яе, вярнуўшы кантроль за ўласнай тэрыторыяй – са сваім уласным палітычным лёсам», – кажа Вадзім Дубноў.

Адносіны Лукашэнкі і Аліева заўжды выглядалі прыязнымі. Калісьці два дыктатары дамовіліся ездзіць адзін да аднаго ў госці прынамсі раз на год. А ў 2010, падчас чарговай беларуска-расейскай газавай вайны, Аліеў пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў долараў, каб той разлічыўся з «Газпромам». Пазней Лукашэнка неаднаразова гэта ўзгадваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД у Санкт-Пецярбургу.
Фота: kremlin.ru

Цяпер жа адносіны паміж Менскам і Баку не выглядаюць такімі цёплымі. У чым прычына?

«Калі Лукашэнка настолькі непрымірымы змагар за суверэнітэт Украіны, што дазваляе на сваёй тэрыторыі размяшчаць ударныя расейскія вайсковыя падраздзяленні, то Азербайджан шчыра і адкрыта дэманструе сваё падтрыманне Украіне», – кажа палітолаг Аркадзь Дубноў.

Паводле Рыгора Ніжнікава, казаць пра існаванне гэтак званага клубу дыктатараў СНД не выпадае. У аўтакратычны бок з рознай хуткасцю кіруюцца ўсе краіны, уплыў на якія мае Расея або Кітай:

«Краіны Цэнтральнай Азіі, Азербайджан, Расея і Беларусь – гэта аўтакратычныя рэжымы, дзе ёсць краіны персаналісцкай аўтакратыі з такімі сапраўднымі дыктатарамі на чале».

Кіраўнікі Азербайджану і Узбекістану, дзякуючы сёлетнім і леташнім выбарам, забяспечылі сабе ўладу на найбліжэйшыя гады. У Лукашэнкі ж перавыбары неўзабаве, як і ў іншага аўтарытарнага постсавецкага кіраўніка – Уладзіміра Пуціна.

Алесь Яшчанка, «Белсат»