СНД: гісторыя, якая зацягнулася?


Трыццаць два гады таму афіцыйна перастаў існаваць СССР. Замест яго ўзнікла іншае наддзяржаўнае ўтварэнне – Садружнасць Незалежных Дзяржаваў. Навошта спатрэбілася новае інтэграцыйнае аб’яднанне? Што адбываецца ў ім цяпер і ці ёсць у яго будучыня?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

8 снежня 1991-га года. Падпісанне Белавежскіх пагадненняў. Савецкі Саюз спыніў існаванне – канстатуе дакумент. Паўстае новае абʼяднанне былых саюзных рэспублік. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны стварылі СНД, асцерагаючыся імавернага хаосу пасля распаду савецкай імперыі.

«Я не хачу сказаць, што я тады так дзейнічаў, каб перадухіліць грамадзянскую вайну. Але ўнутранае адчуванне гэтага было. І хоць мы гэтага не фармулявалі, мы рабілі такую справу, каб гэты пераходны перыяд змякчыць, каб ён прайшоў па-людску. Што мы і зрабілі ўрэшце рэшт», – узгадваў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які ставіў подпіс пад Белавежскімі пагадненнямі.

Пазней дамову пра СНД падпісалі іншыя былыя савецкія рэспублікі, апроч краінаў Балтыі. Стварэнне новага наддзяржаўнага абʼяднання мела не толькі змякчыць псіхалагічны шок ад распаду адзінай краіны.

«Тады ўсім краінам, акрамя Расеі, трэба было яшчэ стварыць такія рэчы, як уласную валюту, Міністэрства фінансаў, Міністэрства замежных справаў. СНД бачылася як нейкі разводны механізм, пэўныя часавы лаг, каб паспрабаваць стварыць свае дзяржавы», – тлумачыць армянскі палітолаг, дырэктар Інстытуту Каўказу Аляксандр Іскандарʼян.

«Цывілізаваны развод» – так называў мэту СНД першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. З рэальных вынікаў працы Садружнасці – дамовы пра вольны гандаль і бязвізавы рэжым паміж краінамі. У новым інтэграцыйным абʼяднанні па-ранейшаму вядзе рэй Расея – як найбольш магутная эканамічна.

«У межах СНД існуе рэжым вольнага гандлю, але ён увесь час парушаўся Расеяй у дачыненні Малдовы, калі Расеі патрэбныя былі нейкія палітычныя эфекты», – кажа былы прадстаўнік Малдовы ў Радзе Еўропы і ААН, палітычны аналітык Аляксей Тулбурэ.

Але ці можна казаць, што СНД – гэта спосаб захаваць кантроль Масквы над былым СССР?

«Рэалізацыя імперскіх амбіцыяў у межах СНД у Расеі не вельмі добра выходзіла. Гэта ператварылася ў нейкае цырыманіяльнае дзеянне», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава.

Фактычна адбываецца дэзынтэграцыя СНД. Украіна, адна з яе заснавальніцаў, фармальна ў Садружнасць не ўступала. Туркменістан выйшаў са складу сталых сяброў у 2005-м, яшчэ праз тры гады СНД пакінула Грузія ў сувязі з расейска-грузінскай вайной. Пра намер выйсці з Садружнасці цяпер заяўляе Малдова, і, пакуль паводле некаторых крыніцаў, пра гэта падумвае Арменія.

Саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД у Санкт-Пецярбургу.
Фота: kremlin.ru

«Малдова не бачыць магчымым для сябе быць у арганізацыі, у якой лідарам, лакаматывам, ядром ёсць дзяржава-злачынца, дзяржава, што развязала вайну», – тлумачыць Аляксей Тулбурэ.

«Ці будзе Арменія наступным кандыдатам на выхад з СНД – не ведаю. Але не думаю, што гэта мае нейкае значэнне. Гэта можа здарыцца хіба як сімвалічны крок. На практыцы гэта ні да чаго не прыводзіць звычайна», – мяркуе Аляксандр Іскандарʼян.

Арменія, дарэчы, у стане шматгадовага канфлікту з іншым сябрам СНД – Азербайджанам. Узброеныя сутыкненні адбываюцца і паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам, таксама ўдзельнікамі Садружнасці. Апошнім разам – летась. То бок маналітнага адзінства ў СНД няма. Лукашэнка ўва ўсім вінаваціць Захад.

«Ён адчувае сябе вельмі няўпэўненым, ён разумее, што будучыня ў гэтай арганізацыі надзвычай туманная. Адпаведна, скарачаецца ягоны вонкавапалітычны рэсурс. Бо яго вонкавапалітычны рэсурс ляжыць на ўсходзе, а не на захадзе», – кажа Роза Турарбекава.

Сёлета Пуцін традыцыйна збірае ў сябе ў канцы снежня Раду кіраўнікоў краінаў СНД. Малдова ад удзелу прадказальна адмовілася. Затое ад Арменіі, якая раней байкатавала саміт АДКБ у Менску, прыедзе прэмʼер Пашыньян – паведамляюць армянскія медыі. Але ці азначае гэта, што распад СНД удасца стрымаць?

Валянцін Васіленка, «Белсат»