Нагорны Карабах канчаткова знік


У свеце на адну гарачую кропку стала менш – цяпер афіцыйна. Ад пачатку года спыніла сваё існаванне самаабвешчаная Нагорна-Карабахская рэспубліка, або рэспубліка Арцах. Больш за 30 гадоў цягнулася армяна-азербайджанская вайна за Карабах, але што там будзе цяпер? І ці паедуць туды беларускія будаўнікі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Усе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі – распушчаныя. Рэспубліка Нагорны Карабах спыніла сваё існаванне. Такі ўказ непрызнанага прэзідэнта непрызнанай рэспублікі набыў поўную моц разам з пачаткам 2024-га года. Цяпер тут будзе Азербайджан.

«Можна казаць, што армяна-азербайджанская вайна скончаная, бо Арменія не мае планаў аднаўляць належнасць Карабаху да сябе», – мяркуе паліталагіня Аліна Харысава.

Нагорны Карабах, кантраляваны з Ерэвану, і так большасцю краінаў свету быў прызнаны, як азербайджанская тэрыторыя. Баку вярнуў поўны кантроль у выніку аднадзённай аперацыі 19-га верасня і поўным разгромам армянскіх войскаў скончыў трыццацігадовую вайну. Этнічныя армяне з Карабаху ўцяклі ў Арменію. Этнічныя азербайджанцы, што жылі тут яшчэ да пачатку канфлікту, пакуль не вярнуліся.

«Доўгі час гэта будзе бязлюдная зона. Азербайджанцы будуць паступова засяляць раёны па перыметры Карабаху, якія былі занятыя армянамі і карабахцамі. Для Аліева гэта справа гонару, візітная картка ягонай перамогі», – тлумачыць аглядальнік радыё «Свобода» (рэдакцыя «Эхо Кавказа») Вадзім Дубноў.

І сапраўды, прэзідэнт Ільхам Аліеў зрабіў перамогу ў Карабаху галоўнай тэмай свайго навагодняга звароту да азербайджанцаў. Ён падкрэсліў, што цяпер тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджану цалкам адноўленая.

«Мы гаспадары гэтых земляў, будуем і ствараем. Мы – народ-будаўнік і народ-стваральнік. Армяне за 30 гадоў разбурылі нашыя землі, зраўнялі з зямлёй усе дамы, гістарычныя будынкі, мячэці, здзейснілі супраць нас генацыд, урбіцыд, экацыд. Нашыя рэкі былі атручаныя, а лясы – высечаныя», – заявіў прэзідэнт Азербайджану.

Горад Сцепанакерт у Нагорным Карабаху, дзе 19 верасня 2023 года пачаўся канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам.
Фота: Re:public of Artsakh / Telegram

На размінаванне і забудову Карабаху будуць вылучаныя вялізныя сродкі. Да іх асваення хоча далучыцца і Аляксандр Лукашэнка. 26-га снежня ў Санкт-Пецярбурзе ён асобна сустрэўся з Ільхамам Аліевым. Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што Аліеў асабіста запрасіў яго ў Азербайджан, і «пацвердзіў прапанову прыняць удзел у мадэрнізацыі і будаўніцтве інфраструктурных аб’ектаў у Карабаху». Праўда, прэс-служба Аліева ўдзел Беларусі ў карабахскай справе зусім не ўзгадала.

«Пакуль няма гаворкі аб масавым будаўніцтве. Хутчэй пра маштабы, дзе азербайджанцы дадуць рады самі. А калі спатрэбяцца замежныя ўдзельнікі, то Беларусь тут не ў топ-3 і нават не ў топ-10. Там ёсць турэцкія калегі, напрыклад», – мяркуе Вадзім Дубноў.

Аляксандр Лукашэнка – саюзнік кіраўніцтва Арменіі ў блоку АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі. Але ён усю гісторыю Карабахскага канфлікту прадаваў зброю як армянам, так і азербайджанцам. Асобна варта адзначыць продаж беларуска-кітайскай РСЗА «Паланэз» дальняга радыусу дзеяння. Лукашэнка нават распавядаў Ільхаму Аліеву змест сакрэтных перамоваў кіраўнікоў краінаў АДКБ, куды Азербайджан не ўваходзіць. У Ерэване гэта памятаюць.

«На маю думку, Арменія ўзяла ясны курс на аднаўленне сувязяў з Еўразвязам і Украінай. Бо падтрымка Украіны ідзе з боку Арменіі рэгулярна. І, мяркую, Арменія будзе выходзіць з АДКБ і СНД, бо калі мусілі працаваць “міратворцы” і дапамагчы Арменіі, яны гэтага не зрабілі», – мяркуе Аліна Харысава.

Калі Ільхам Аліеў у навагодняй прамове пагражаў армянам «Жалезным кулаком» і казаў аб вялізных інвестыцыях у вайскова-прамысловы комплекс, то Нікол Пашыньян прасіў у народу Арменіі прабачэння за перажыты боль. Але армянскі прэм’ер не лічыць сябе ў чымсьці вінаватым.

«Усе мае рашэнні і дзеянні мусяць грунтавацца на дзяржаўных інтарэсах Арменіі. Менавіта таму я лічу прыярытэтным пошук формулаў урэгулявання і паглыблення стасункаў з нашымі суседзямі ў рэгіёне», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Арменіі ў звароце да народу.

Таксама ад пачатку гэтага года канчаткова страціла сэнс існавання Менская група АБСЕ – перамоўная група ў справе Карабахскага канфлікту. Яна амаль тры дзесяцігоддзі была элементам дыпламатыі Лукашэнкі, але ніякага выніку не прынесла.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»