Чаму Лукашэнка трымаецца за савецкую ідэалогію?


Беларусь ахапіла чырвона-зялёнае шаленства: ува ўсіх буйных гарадах адбыліся мітынгі каля помнікаў Леніну. Да гэтак званага свята прымеркавалі адкрыццё шэрагу будаўнічых аб’ектыў па ўсёй краіне. Чаму Лукашэнка трымаецца за савецкую ідэалогію і што насамрэч дала Беларусі кастрычніцкая рэвалюцыя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На плошчы Незалежнасці ў Менску ўсклалі кветкі да помніку Леніну – «у гонар 106-цігоддзя кастрычніцкай рэвалюцыі». Тая ж імпрэза з тым жа сцэнаром і падобнымі акторамі – яшчэ ў дзясятку гарадоў. І ўсё гэта ладзяць улады. Тыя ж самыя, якіх гэтак напужала іншая рэвалюцыя – 2020-га года.

«Гэта, канечне, кантраст паміж савецкай рэвалюцыйнай рыторыкай і цяперашняй кансерватыўнай рэчаіснасцю, ад яго немагчыма пазбавіцца, акрамя як выкрасліць гэты савецкі рэвалюцыйны дух, але і на гэта таксама не наважваецца рэжым, бо няма чым ідэйна замяніць», – тлумачыць рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка.

Пасля распаду СССР большасць краінаў пачала шукаць або аднаўляць уласную ідэнтычнасць. Лукашэнка ж, паводле Вадзіма Мажэйкі, вымушаны трымацца за савецкасць, бо за 27 гадоў уладарання гэтак нічога ўласнага і не вынайшаў.

«Мы да 7 лістапада заўсёды – партыя нас так вучыла – рабілі народу падарункі.І ў гэтым годзе вялікія начальнікі ў тым ліку едуць у працоўныя калектывы, каб адкрыць новабудоўлі», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка.

І чыноўнікі паехалі адкрываць абʼекты па ўсёй краіне. Пад лозунгам «Разумныя будуюць масты, а дурні – платы!» прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка адкрыў участак абʼязной дарогі ў Горадні. Пры ўдзеле БРСМ і «Белай Русі» чыноўнікі адкрылі пуцеправод у Жлобіне. З пераразаннем чырвонай стужкі кіраўнікі Чавускага райвыканкаму запускаюць дарогу да мікрараёну Цэнтральны.

«Калі нейкі савецкі кантэкст – там дзяржава зрабіла падарунак народу да свята – зараз гэта выглядае неяк смешна, па-савецку, бо гэта і не падарунак дзяржавы, калі нешта зроблена за бюджэтны кошт за нашыя падаткі, і гэта не падарунак да свята, бо ніхто ўжо і не святкуе, і гэта толькі падкрэслівае кансерватызм ды адарванасць уладаў ад рэчаіснасці», – адзначае Вадзім Мажэйка.

Большасць беларусаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні ў нашым тэлеграм-канале, выказаліся, што не святкуюць Дня кастрычніцкай рэвалюцыі, бо ён асацыюецца ў іх з масавымі рэпрэсіямі і знішчэннем нацыянальнасці. На праўладных каналах, вядома, транслюецца супрацьлеглае меркаванне:

«Мы і цяпер падтрымліваем савецкую ўладу, мы мяркуем, што толькі моцная ўлада, як раней была савецкая ўлада, – гэта тое, што нам гарантуе нашае добрае жыццё», – сказаў удзельнік мітынгу ў Магілёве.

Прадстаўнікі грамадскасці Віцебску і моладзь ускладаюць кветкі да помніка Леніну ў гонар Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Віцебск, Беларусь. 7 лістапада 2023 года.
Фота: belta.by

Наступствы – агрэсіўная саветызацыя і бальшавізацыя грамадства, у тым ліку ў школах, адзначае незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч:

«Цэлая пакаленне людзей выкідваецца па-за часам, становіцца несучасным. Цэлае пакаленне людзей атрымлівае іншую сістэму каштоўнасцяў. Прычым гэта робіцца незаўважна, калі белае выдаецца за чорнае, чорнае выдаецца за белае».

Чырвоная ўлада прынесла з сабою калектывізацыю і дзяржаўны кантроль у эканоміцы. Масавы ґвалт і рэпрэсіі, якія спынілі развіццё беларускай нацыянальнай культуры, навукі і гісторыі. Але перад гэтым на папялішчы Беларускай Народнай Рэспублікі стварылі савецкую дзяржаву. Каб дагрукацца да народных масаў, запусцілі палітыку беларусізацыі ўва ўсіх сферах жыцця. Працэс, які крывава завершыў тэрор другой паловы трыццатых.

«Тыя поспехі беларусізацыі, якія я ўзгадваў раней, у значнай ступені напалохалі агульна савецкае кіраўніцтва. Вынікам сталі чысткі, якія асабліва датычылі інтэлектуальнай і палітычнай эліты Беларусі», – зазначае сацыёлаг і гісторык Аляксей Ластоўскі.

На думку Аляксея Ластоўскага, беларуская дзяржаўнасць паўстала б незалежна ад вынікаў кастрычніцкай рэвалюцыі. Урэшце, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі зрабіла нашую дзяржаўнасць непазбежнаю. Не зважаючы на саветаў, немцаў ці палякаў, што ў той турбулентны час змагаліся на нашых землях.

Аліна Скрабунова, «Белсат»