Чым пагражае падрыў Кахоўскай ГЭС?


Затопленыя амаль 2 тысячы дамоў і 10 тысяч гектараў палёў. Гэта першыя і найбольш відавочныя наступствы знішчэння Кахоўскай ГЭС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ратавальнікі, прафесіяналы і валанцёры спяшаюцца на дапамогу тым, хто не можа ўратавацца самастойна.

Легкавыя аўты – пад вадою, выехаць з зоны затаплення для многіх – непераадольная праблема, таму гэтыя валанцёры з Херсону спрабуюць вывозіць пацярпелых цяжкавіком.

«Другі раз, калі эвакуявалі, нас ужо адарвала ад зямлі, нас пачало разварочваць», – распавядаюць валанцёры.

У выніку разбурэння Кахоўскай гідраэлектрастанцыі ажно 80 паселішчаў Херсонскай вобласці могуць апынуцца пад вадою, заяўляюць ва ўрадзе Украіны. Эвакуяваныя больш чым паўтары тысячы асобаў, шмат хто пакідае зону катастрофы разам са сваімі гадаванцамі.

Эвакуацыя насельніутва ў Херсоне, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Facebook

Падрыў дамбы – справа рук Расеі, абвінавачанні ў бок Украіны – абсурдныя, паведамляе Амерыканскі інстытут вывучэння вайны. Тым не менш, Крэмль спрабуе ўскласці адказнасць за катастрофу на пацярпелую краіну.

Але Украіна не мела доступу да станцыі больш чым год, нагадваюць Крамлю ў Офісе Уладзіміра Зяленскага. Вайсковы ж эксперт Георгій Аляксандраў у каментары «Белсату» адзначыў, што Украіна не мае належнага ўзбраення, каб дыстанцыйна разбурыць такі аб’ект, як Кахоўская гідраэлектрастанцыя:

«ГЭС, плаціна застаюцца пад кантролем Расеі. І там сапраўды, відаць, былі канструктыўна закладзеныя магчымасці для таго, каб пры неабходнасці нейкім чынам знутры знішчыць. Тым больш, здаецца, летась у кастрычніку была інфармацыя пра тое, што Расея завозіла туды вялікую колькасць выбухоўкі».

Катастрофа на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі вядзе да фактычнага знішчэння вадасховішча, што ахалоджвала рэактары Запарожскай АЭС. Эксперты «Белсату» сцвярджаюць, што станцыя фактычна не працуе, таму непасрэднай пагрозы цяпер не стварае. Але высыханне Кахоўскага вадасховішча можа прывесці да экалагічнай катастрофы.

«Там у донных адкладах – адкіды хімічнай прамысловасці, металургічнай вытворчасці, алюмініевай вытворчасці і, не пабаюся гэтага слова, чарнобыльскія радыенукліды. Калі вада сыходзіць, падсыхае глеба, любы ветрык, а гэта паўднёвы раён, спякотным летам адбываецца выветрыванне, другасны перанос на дзясяткі, а то і сотні кіламетраў. Можа быць, я перабольшваю, я ж кажу з агульнага гледзішча», – зазначае фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Самая ж Запарожская АЭС уяўляе сабою небяспеку перадусім таму, што станцыя – у руках акупантаў, мяркуе экспертка ў пытаннях ядравай бяспекі Вольга Кашарная:

«На мінулым тыдні Пуцін у каментары медыям ізноў узгадаў брудную бомбу, звязаў яе з Запарожскай АЭС. Учора ў прапагандысцкіх расейскіх медыях паказвалі нібыта ўкраінскіх дыверсантаў, у якіх канфіскавалі нібыта гэтыя бомбы з радыеактыўнымі рэчывамі. І таму наступнай правакацыяй з радыяцыйнымі наступствамі будзе Запарожская АЭС».

Паводле Офісу Уладзіміра Зяленскага, расейскія акупанты на левым беразе Дняпра эвакуацыю мірных жыхароў правалілі. Людзі моляць пра дапамогу, але прыйсці да іх немагчыма: тэрыторыю абстрэльваюць расейцы. Пакуль максімум, чым можна дапамагчы – даставіць дронам бутэльку вады.

Алесь Яшчанка, «Белсат»