Расце колькасць зваротаў да Лукашэнкі праз сацыяльныя сеткі


«Дапамажыце, калі ласка, дарагі прэзідэнт. Заробкаў людзям няма з чаго плаціць. Да нічога няма. Як можна жыць у гэтай, ё-маё, Беларусі?» Мужчына з Кіраўску Магілёўскай вобласці звяртаецца да Лукашэнкі. У яго хворая жонка. У мясцовай больніцы да тэрапеўта немагчыма запісацца на тыдзень наперад, бо крытычна не стае дактароў. Кажуць ісці лячыцца платна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Смешна і сорамна. У мяне жонка хварэе, а мне трэба грошы выкладваць апошнія. І ў крэдытах увесь сяджу».

Папулярны жанр таксама – калектыўныя звароты да Лукашэнкі. Вось прыклад з вёскі Ляхаўшчына, гэта ўсяго дзесяць кіламетраў ад Менску.

«Дарога абсалютна непрыдатная для руху: ні маршрутак, ні аўтобусаў. Па гэтай прычыне ў нас не ходзіць ні школьны аўтобус, ни грамадскі транспарт. А да бліжэйшага прыпынку дзецям і старым даводзіцца ісці 3-4 км».

Прычынамі зваротаў робяцца таксама нявыплаты заробкаў на прадпрыемствах. Узяць хаця б нядаўні выпадак з рыбакансервавым камбінатам «Сталічны». Улады зрэагавалі: прымусілі дырэктара прадпрыемства запісаць відэа з абяцаннем залагодзіць праблему.

«Рэжым спрабуе, ну, хоць неяк рэабілітавацца. І вось яны запісалі пакаяннае відэа гэтага чалавека, знайшлі крайняга. Ну, глядзіце, гэтае прадпрыемства банкрутам стала не таму, што гэты чалавек там такі-сякі. Магчыма, ён там не настолькі эфектыўны менеджар, магчыма, і яго віна нейкая. Але ж сітуацыя ў краіне такая, у эканоміцы такая», – кажа Арцём Брухан.

Нярэдкія і звароты падманутых акцыянераў.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, мы 283 падманутых дольнікі ЖК “Смарт”. Просім вас разабрацца, куды пайшлі нашыя грошы і калі дабудуецца наш дом».

Часам людзі, хоць, можа, самі таго не ўсведамляюць, называюць у такіх зваротах відавочную першапрычыну сваіх няшчасцяў.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, мы ў 2020 годзе за вас усе трымалі кулачкі, усе за вас галасавалі. Зараз у нас просьба… Глядзіце якая ў нас дарога, праехаць мы не можам, аўтобусы школьныя не ездзяць».

«Аляксандр Рыгоравіч. Я за вас. Я за вас заўзею ўсёй душой. Я за вас і галасую, і ў 2020 годзе плакала, што не дай Бог, не дай Бог».

Жанчына з апошняга відэа жыве ў паселішчы Іванькаў Гомельскага раёну. У яе няма вады. У адзінай свідравіне на ўсё паселішча вада стала непрыдатнаю: паводле экспертызы, яна ўтрымлівае сто пяцьдзясят нітратаў пры норме сорак пяць. Гомельскія чыноўнікі параілі немаладой жанчыне купляць ваду ў аўтакраме ці ездзіць за сямнаццаць кіламетраў да найбліжэйшай крамы.

«Гэта такі аналаг сярэднявечнай чалабітнай ізбы. Адмысловай установы, каб прымаць нейкія скаргі ад насельніцтва. І гэта сведчыць, па-першае, наколькі моцна персаналізаваная ўлада, па-другое, канешне, наколькі не працуюць усе інстытуты», – кажа Вадзім Мажэйка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сітуацыя была б іншаю, калі б не выбудаваная Лукашэнкам сістэма вертыкалі ўлады, дзе мноства ў тым ліку рэгіянальных чыноўнікаў прызначаецца з Менску.

«У дэмакратычных [краінах] улада будуецца знізу ўверх, то бок людзі абіраюць сабе мясцовую ўладу, дэпутатаў парламента, прызначаюць урад і, адпаведна, улады падпарадкаваныя людзям. І ў такой сістэме людзі могуць вырашаць пытанні на розных узроўнях», – дадае Мажэйка.

Рэпрэсіяў за такія звароты рэжым пакуль не ўчыняе. Першыя ластаўкі, аднак, ужо ёсць. Гэтак, жанчыну, якая звярталася да Лукашэнкі з просьбай перагледзець справу мужа, асуджанага за няшчасны выпадак на вытворчасці, у эфіры прапагандысцкага тэлеканалу абвінавацілі «у выкарыстанні трэндаў».

«Дарэчы, і першы намеснік міністра ўнутраных спраў Казакевіч казаў, што наступная рэвалюцыя – гэта рэвалюцыя тыктоку. Можа, нават і пачнуць затрымліваць гэтых людзей, яшчэ штосьці», – кажа Арцём Брухан.

Эксперты, аднак, супадаюць у думцы, што рэжым будзе да апошняга ўстрымлівацца ад рэзкіх дзеянняў у адказ на такія звароты. Бо, нягледзячы на сумную карцінку, яны ўсё ж вельмі добра адпрацоўваюць зручную Лукашэнку формулу «Цар – добры, баяры – кепскія».

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»