Чыноўнікі будуць менш размаўляць з народам


Кідаць слухаўку падчас жывой лініі змогуць чыноўнікі, калі ў вашых словах пачуюць дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, у тым ліку яе дзяржаўных органаў і службовых асобаў. Рабіць гэта яны змогуць дзякуючы зменам ва ўрадавай пастанове «Аб некаторых пытаннях працы са зваротамі грамадзянаў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер распавядаць блогеру Андрэю Павуку пра Марата Казея, а журналістам «Белсату» пра сямейныя каштоўнасці зусім неабавязкова.

«Я паглядзеў гэтую навіну і падумаў: няўжо мы такія зухі? Але пасля падумаў: не трэба так ужо пра сябе думаць, што ты такі адзіны малойца. Многа хто тэлефануе і не афішуе гэтага. Мо яны задзяўбліся, задзяўбліся гэтыя чыноўнікі адказваць на гэтыя ўсе пытанні. Можа, і праўда багата хто сварыцца з імі», – кажа блогер Андрэй Павук.

Раней гвалтоўна спыняць размову падчас жывой лініі чыноўнікі маглі толькі ў выпадку, калі суразмоўца іх абражаў або лаяўся. Хоць бывала, што і самыя не лезлі ў кішэню па моцнае слоўца.

Фармальна палічыць дыскрэдытацыяй можна ўсё што заўгодна: ад дзедаўшчыны ў войску – да неадрамантаваных дарог.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

«Гэта ўсё ж у першую чаргу накіраванае, каб у чыноўніка была легальная падстава не адказваць на нязручныя пытанні. Вось, напрыклад, пра тых жа палітзняволеных», – мяркуе эксперт у публічнай палітыцы Яўген Каравулаў.

Другая важная змена, прадугледжаная папраўкамі ў пастанову аб звароце грамадзянаў, – тое, што некаторыя топ-чыноўнікі жывыя лініі будуць ладзіць не кожную суботу, як раней. Кіраўнікі дзяржаўных органаў і аблвыканкамаў на сувязь з народам будуць выходзіць раз на месяц, драбнейшыя чыноўнікі – часцей.

«Тут проста адбылася аптымізацыя, перакінутая на тых людзей, якія больш за гэта адказныя. І з улікам таго, што праз пару месяцаў будуць адбывацца так званыя выбары, з іх проста здымаюць гэтыя абавязкі, каб яны маглі больш увагі надаваць гэтым арганізацыйным працэсам», – кажа Яўген Каравулаў.

Што праўда, гэткую аптымізацыю журналісты «Белсату» заўважалі і раней, калі на жывую лінію замест міністраў прыходзілі іхныя намеснікі ці звычайныя працаўнікі. Яны занатоўвалі пытанні і цягам месяца абяцалі даць пісьмовы адказ.

Алесь Яшчанка, «Белсат»