Разбурэнне Кахоўскай ГЭС: якія будуць наступствы катастрофы?


Падрыў Кахоўскае гідраэлектрастанцыі не перашкодзіць наступу Збройных сілаў Украіны. Пра гэта заявіў камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў. У офісе Уладзіміра Зяленскага запэўніваюць: Украіна зможа скарэктаваць свае планы контрнаступу, стратэгічна тэракт на Кахоўскай ГЭС нічога не мяняе. Гэткага ж меркавання і вайсковы эксперт Ігар Раманенка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Генеральны штаб, галоўком прадугледжвалі і такога кшталту дзеянні, то бок пры планаванні ваеннай аперацыі распрацоўваюць, як вядома, некалькі планаў».

На што ж быў разлік тых, хто ўчыніў падрыў?

«На больш, скажам так, кампактныя наступствы, усяго толькі падтапіць некаторыя астравы, крыху пашырыць рэчышча Дняпра ў гэтым кірунку», – кажа вайсковы эксперт Андрэй Крамараў.

Але атрымалася сапраўдная тэхнагенная катастрофа. Паводле прэмʼер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, у выніку разбурэння Кахоўскай гідраэлектрастанцыі ажно восемдзесят паселішчаў Херсонскай вобласці могуць апынуцца пад вадой. І гэта не ўсе імаверныя наступствы.

«Пакуль будзе спадаць гэты ўзровень вады, Крымскі паўвостраў нават, кажуць эколагі, можа стаць на пэўны момант фактычна цалкам востравам», – зазначае Андрэй Крамараў.

Паводле Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны, акупаваны Крым можа застацца зусім без пітной вады. Абмяленне ж Кахоўскага вадасховішча адабʼецца на наваколлі, мяркуе эколаг Наталля Гозак:

«Найбольш крытычны – сельскагаспадарчы і сацыяльны аспект, бо менавіта дзякуючы вадасховішчу адбывалася арашэнне вялікіх тэрыторыяў сельскагаспадарчых».

Да таго ж, паводле паведамлення Офісу прэзідэнта Украіны, пасля падрыву Кахоўскае ГЭС у Дняпро трапіла 150 тонаў алівы, і ёсць рызыка трапляння яшчэ 300.

Кахоўская ГЭС пасля падрыву. 6 чэрвеня 2023 года. Херсонская вобласць, Украіна.
Фота: Укргідроенерго / Facebook

«Хутчэй за ўсё, гэтая аліва будзе заставацца як у невялікіх завадзях на вадзе, так і на тэрыторыі, з якой пойдзе вада, і забруджваць даволі працяглы час гэтыя зоны», – кажа Наталля Гозак.

Пад пагрозаю без ахалоджвання можа застацца Запарожская электрастанцыя. Пра гэта папярэдзіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі:

«Адсутнасць ахалоджвання ў асноўных сістэмах водазабеспячэння цягам доўгага перыяду прывядзе да расплаўлення паліва і выхаду з ладу аварыйных дызель-генератараў».

Аднак «Энергаатам» сцвярджае, што сітуацыя пад кантролем. У сваю чаргу, фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі ў каментары «Белсату» паведаміў, што Запарожская АЭС цяпер амаль не працуе:

«Рэактары спыненыя, не выпрацоўваюць электраэнергіі, значыць, не такія адчувальныя да ахалоджвання. Рэшткавае вылучэнне цяпла там дастаткова малое, і цалкам магчыма, што атамная станцыя можа працаваць з абсалютна сухім вадаёмам-ахалоджвальнікам».

У сваю чаргу даследнікі «InformNapalm» паведамляюць, што паводле экалагічных і эканамічных наступстваў разбурэнні на Кахоўскай ГЭС можна параўнаць з разбурэннямі пасля выкарыстання пяці-дзесяці кілатонаў тактычнай ядравай зброі. Маштабы шкоды фактычна ідэнтычныя. Розніца толькі ў тым, што цяпер няма радыяцыйнага забруджвання.

Алесь Яшчанка, «Белсат»