Эколагі: «Горадня Азот» звыш нормаў атручвае наваколле


Прадпрыемства «Горадня Азот» звыш усіх нарматываў забруджвае навакольнае асяроддзе – сцвярджаюць эксперты альянсу «Зялёная Беларусь». Жылыя дамы і лецішчы, спартовыя збудаванні, і дзіцячы дом знаходзяцца ўнутры зоны, дзе нельга пражываць. Тым часам кіраўніцтва заводу хвалюецца за тое, як зняць заходнія санкцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзіцячы дом. Горадня. Да дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, дзяржава абяцае асаблівае стаўленне. Але дом для сіротак збудавала ў непрыдатнай для пражывання санітарна-ахоўнай зоне прадпрыемства «Горадня Азот».

«Збольшага гэта выкіды ў паветра, той жа дыаксід азоту і іншыя, якія могуць ісці і на Горадню. Таксама гэта цвёрдыя часціцы… Гэта можна вырашыць толькі калі будуць стаяць фільтры, будзе магчымасць незалежнага маніторынгу, ці працуюць гэтыя фільтры» , – кажа ўдзельнік «Зялёнай сеткі» Аляксей Аўчыннікаў.

Эксперты альянсу «Зялёная Беларусь» прэзентавалі даследаванне, у якім зафіксавалі звышнарматыўныя забруджанні «Горадня Азотам» сцёкавых вод – 18 млн м² на год. Выкіды ў атмасферу – амаль 10 т. на год.

«Гэтыя аб’ёмы значацца ў комплексава-прыродаахоўным дазволе профільнага міністэрства за 2020-ы год. Але цяпер выкідаў значна больш. Бо пасля 2020-га года праектавалі прынамсі 6 новых абʼектаў на «Горадня Азот». Адпаведна і абʼём выкідаў павялічваецца», – кажа экспертка ў галіне ўстойлівага развіцця Марыя Палянская.

На графіку бачым абʼёмы выкідаў на запланаваных да будаўніцтва пасля 20-га года абʼектах:

– Комін для цэху аднаўлення едкага натрыю (выкіды – 1037,3 т/г.)

– Цэх рошчыны карбаміду (выкіды – 36,3 т/г.)

– Агрэгат вытворчасці нітрату амонію (выкіды – 431,7 т/г.)

– Вузел рашчынення і змешвання раствораў соды (выкіды – 1,3 т/г.)

– Агрэгат вытворчасці карбаміду (выкіды – 226,9 т/г.)

– Вытворчасць харчовага двухвокісу вугляроду (выкіды – 4,8 т/г.)

Чатыры з іх дададуць аміяку ў кактэйль выкідаў. Рэчыва прыводзіць да шэрагу хранічных захворванняў і нішчыць прыроду ў сваім абшары. Яны пагражаюць не толькі выхаванцам дзіцячага дому. У санітарна-абароннай зоне вакол «Горадня Азоту» знаходзіцца спартовая інфраструктура, садаводніцкае таварыства «Хімік-Азот», Вялікая і Малая Капліца, аграгарадок Путрышкі і база адпачынку Прыгодзічы. Лабараторныя замеры выкідаў робяцца на мяжы санітарнай зоны ці нават за ёю, дзе ўзровень выкідаў – меншы.

«У 2020 годзе была прынятая дэкларацыя, згодна з якою краіны на працягу 2 гадоў маюць скараціць абʼёмы выкарыстання азотных угнаенняў. Будучыня залёнай Беларусі звязаная акурат з тым, каб “Горадня Азот” змяншала сваю вытворчасць, на мой погляд», – мяркуе Аляксей Аўчыннікаў.

Для гэтага дзяржава мае даць дабро на выкарыстанне гаспадаркамі больш прыязных прыродзе ўгнаенням, чымся азотныя і адмовіцца ад часткі даходаў у бюджэт. У 2019-ым годзе гэта было 34 мільёны рублёў. Пасля ўвядзення ў 21-ым годзе санкцыяў ЕЗ і ЗША супраць прадпрыемства – яно не паказвае выплатаў у бюджэт. Санкцыі – абыходзіць праз краіны-пракладкі. І дамагаецца іхнага скасавання, каб зарабляць.

«Гродна Азот»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак заводу «Гродна Азот». Горадня, Беларусь.
Фота: Azot.by

Кіраўніцтва «Горадня Азот» пацвердзіла парушэнне правоў грамадзянаў Беларусі. І ў Еўрапейскім судзе ў сваіх довадах заяўнікі сцвярджалі, што яны самыя не нясуць адказнасці за парушэнне рэжымам Лукашэнкі правоў чалавека, дэмакратыі, вяршэнства права, рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці. Еўрапейскі суд у лютым не задаволіў пазоў чыноўніка.

На гэты раз адрозніўся сваёй уяўнай адданасцю дыктатару дырэктар Акцыянернага таварыства «Горадня Азот» Ігар Ляшэнка, які, ігнаруючы бравады Лукашэнкі, прасіў суд Еўразвязу скасаваць санкцыі, накладзеныя на галаўное прадпрыемства «Горадня Азот» і ягоны філіял «Хімвалакно».

«На “Горадня Азот” толькі станам на пачатак 2021 года кіраўніцтва звольніла паводле палітычных матываў каля 100 працаўнікоў. Апроч гэтага 9 чалавек з прадпрыемства (толькі тых, пра каго нам вядома, бо пра іншых можам не ведаць) сядзяць у турмах», – кажа сузаснавальнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Гэтаксама, як адсутнасць палітычных злачынстваў супраць беларусаў, рэжым і ягоныя назначэнцы адмаўляюць злачынствы супраць здароўя людзей і экалогіі ў цэлым.

Юлія Цяльпук, «Белсат»