Беларускія ўгнаенні вязуць у Еўропу праз Узбекістан


 «Беларускі карбамід, выраблены на “Горадня Азоце”, усцяж пастаўляецца ў Еўропу ў абыход санкцыяў». Толькі цяпер угнаенні выдаюць за ўзбекскія і выкарыстоўваюць некалькі фірмаў-пракладак. Такую выснову робіць Беларускі расследавальніцкі цэнтр у сваёй новай працы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Горадня Азот” працуе. І працуе не на малых магутнасцях. Куды дзяваецца прадукцыя? Найхутчэй, едзе ў Еўропу. Ніхто так моцна перабудоўваць лагістычныя ланцужкі не будзе», – кажа прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Санкцыі супраць гарадзенскага «Азоту» Еўразвяз увёў у снежні 2021-га за звальненні працаўнікоў, што бралі ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. І менавіта ў 2021-м першыя пастаўкі карбаміду трапілі ў Еўропу з Узбекістану. Але ўзбекскія гэтыя ўгнаенні толькі паводле дакументаў і ў гэтай краіне наўрад ці пабывалі, кажуць расследавальнікі.

«Прадпрыемства “Грыком” цяпер не наўпрост пастаўляе карбамід, а прадае яго найперш узбекскай кампаніі, якую пазней перайменавалі ў “Dunger”, а потым вязе гэта сербскай кампаніі пад назвай “Wakler”», – тлумачыць журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Аліна Янчур.

У лютым расследавальнікі ўжо высвятлялі, якім чынам беларускія ўгнаенні трапляюць на еўрапейскі рынак. А прадстаўнікі «Рабочага руху» ладзілі акцыю на беларуска-літоўскай мяжы: заблакавалі сербскія фуры, што везлі груз з падсанкцыйнага «Азоту».

Блакаванне фуры з прадукцыяй прадпрыемства «Горадня Азот» на літоўска-беларускай мяжы. 14 лютага 2023 года.
Фота: Рабочы Рух / Telegram

Прынамсі ўладальнікі фірм-пракладак пра парушэнне санкцыйнага рэжыму ведаюць. А некаторыя з іх з’яўляюцца грамадзянамі краінаў, што далучыліся да санкцыяў.

«Мы думалі, што знойдзем сляды беларускіх чыноўнікаў ці сілавікоў, але выяўленыя ўласнікі нас здзівілі. Узбекскім “Wakler’ам”, цяпер ужо “Dunger’ам”, які таксама стварылі неўзабаве пасля ўвядзення санкцыяў супраць “Горадня Азоту”, валодае праз эмірацкі афшор украінскі бізнесовец Аляксандр Караніцын», – распавядае Станіслаў Івашкевіч.

Пастаўкі карбаміду з прадпрыемства «Горадня Азот» ідуць не толькі ў Сербію. Два тыдні таму пра тое, што прадукцыя прадпрыемства трапляе ў іх краіну, заявілі таксама расследавальнікі з Чэхіі. Прасачыць пастаўкі можна паводле справаздач статыстычнай службы Еўразвязу. Да прыкладу, за шэсць месяцаў гэтага года Польшча імпартавала з Беларусі шэсць тысяч тонаў карбаміду амаль на тры мільёны еўраў, Літва – на паўмільёна еўраў.

«Пасля нашага папярэдняга расследавання, якое апублікавалі ў лютым, Літва зрабіла шмат крокаў і арыштавала тры тысячы тонаў карбаміду. У нас таксама ёсць звесткі, што з сакавіка да чэрвеня Літва не пусціла каля тысячы тонаў беларускага карбаміду», – пералічвае Аліна Янчур.

Але гэтых крокаў недастаткова, лічыць бізнесовец, вядоўца праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч:

«Гэтае расследаванне – гэта вельмі важна, але гэта важна ў медыйным полі, у нашым асяроддзі. А каб гэта лепей працавала, павінна быць так, што нашы структуры, якія адказваюць за гэтыя санкцыі, напрыклад, Абʼяднаны пераходны кабінет, павінныя звяртаць увагу афіцыйна кожны раз, калі гэта адбываецца».

Абыход санкцыяў прыводзіць да таго, што ціск на рэжым Лукашэнкі змяншаецца. А Еўразвяз, які ўвёў санкцыі, сваіх мэтаў не дасягае – палітвязні застаюцца за кратамі. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прапаноўвае дадатковыя захады.

«Да прыкладу, увесці санкцыі супраць усяго віду дадзенай прадукцыі. Або, калі гэты падыход не працуе, можна ўвесці квоты, напрыклад, пастаўляць тавар у абʼёмах, якія існавалі да вайны», – прапаноўвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідар НАУ Павел Латушка.

Цалкам новае расследаванне пра абыход санкцыяў – на сайце Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»